У Менску на вуліцы Кальцова згарэў пад’езд. Ёсьць траўмаваныя. Пяцёх уратавалі

У Менску на вуліцы Кальцова, 23 у пад’езьдзе жылога дому прагучаў выбух і пачаўся пажар.

Паводле МНС, «адкрытым полымем гарыць кватэра на першым паверсе», траўмы атрымалі тры чалавекі, ахвяраў няма.

Your browser doesn’t support HTML5

Пажар на Кальцова ў Менску

«Пад’ехала газавая аварыйка, значыць у некага газ ірвануў», — піша ў Фэйсбуку Антон Астаповіч, які назірае пажар з вокнаў свайго дому.

«Быў адзін выбух, мы з жонкай і дзіцём пачалі ўжо нават выбягаць з кватэры, мы жывем побач. Потым убачылі ў вакно, што пажар у суседнім доме, — расказаў Радыё Свабода мянчук. — Я пазваніў у 112, але там ужо выклік быў. Прыехалі яны за пару хвілін, патушылі хвілін за 10 мо. Зараз там усё ачэплена».

Выбух быў вельмі моцны, кажа мужчына. «Мы жывем на вельмі высокім паверсе, і было страшна», — апавядае ён.

Пазьней МНС паведаміла, што, паводле папярэдняй інфармацыі, пажару сапраўды папярэднічаў выбух газу. Пяцёх чалавек работнікі МНС выратавалі з пад'езду, дзе гарэла кватэра, трох эвакуявалі з суседняга. Траіх траўмаваных даставілі з апёкамі ў шпіталь.

Пажар ужо зьліквідаваны. Кухня кватэры, дзе меркавана выбухнуў газ, выглядае, паводле МНС, так.

Побач з домам знаходзіцца гарадзкі аддзел міліцыі Савецкага РУУС г. Менску.