Чытачам прадставілі блізу дзясятка кніг, палова зь якіх выйшлі ў 2019 годзе.
У менскай «Акадэмкнізе» прайшла прэзэнтацыя новых выданьняў, падрыхтаваных сямейным выдавецтвам «Янушкевіч».
Нечаканыя адкрыцьці
Гэта дасьледаваньні, прысьвечаныя гістарычным асобам, пад знакам якіх прайшоў 2019 год — Кастусю Каліноўскаму, Станіславу Манюшку, Вінцэнту Дунін-Марцінкевічу, а таксама іншым постацям беларускай гісторыі.
На імпрэзе прысутнічалі вядомыя асобы, якія годна ацанілі апошнія творчыя высілкі Янушкевічаў: акадэмік Радзім Гарэцкі, паэт Уладзімер Някляеў, выдавец сэрыі «Беларускі кнігазбор» Кастусь Цьвірка, заслужаны артыст Беларусі Віктар Скарабагатаў, мастацтвазнаўца Валер Буйвал, літаратуразнаўца Лявон Казыра, мастак Алесь Цыркуноў ды іншыя.
Падчас аўтограф-сэсіі
Многія факты, знойдзеныя ў архівах Беларусі і замежжа, прэтэндуюць на тое, каб стаць навуковымі адкрыцьцямі. Як адзначыў опэрны сьпявак Віктар Скарабагатаў, толькі з кніжак Янушкевіча ён са зьдзіўленьнем даведаўся, што дзяды славутага кампазытара Дзьмітрыя Шастаковіча паходзілі з-пад Нарачы, былі ўдзельнікамі паўстаньняў 1830 і 1863 гадоў. Адтуль іх саслалі ў Сібір.
Пра гэта артыст потым расказаў унукам сусьветна вядомага піяніста, якія былі ашаломленыя такім паваротам.
Дасьледчык Каліноўскага
Выданьні ад «Янушкевіча»
Язэп Янушкевіч стаў адным з дасьледчыкаў жыцьця Кастуся Каліноўскага, якому дазволілі назіраць за раскопкамі парэшткаў кіраўнікоў і ўдзельнікаў вызвольнага паўстаньня 1863–1864 гадоў на гары Гедзіміна ў Вільні. Вынікам такой далучанасьці стаў паўстанцкі цыкль, над якім працавала ўся сямʼя Янушкевічаў.
Акрамя зьвестак, здабытых у архівам самім Язэпам Янушкевічам, значны ўнёсак зрабіла ягоная дачка Каміла. Жонка Галіна Хінка-Янушкевіч, вядомая мастачка-ілюстратарка, дапамагала з афармленьнем. Тэхнічнай часткай займаўся Аляксей Янушэўскі.
Радзім Гарэцкі і Кастусь Цьвірка
«І першым паказаўся Каліноўскі» — эсэ, падрыхтаванае да гістарычнай падзеі 22 лістапада, калі ў Вільні былі ўрачыста перапахаваныя два дзясяткі паўстанцаў, парэшткі якіх адшукалі літоўскія археолягі.
Сёлета выйшла таксама пашыранае і дапрацаванае выданьне «Партрэты паўстаньня», якое ўяўляе сабой галерэю амаль з трох сотняў рэдкіх фота паўстанцаў, зробленых у 1850–1880 гадах.
«Тварам да шыбеніцы» — плён больш раньніх дасьледаваньняў Язэпа Янушкевіча, але з улікам нядаўніх сэнсацыйных адкрыцьцяў той даробак зноў запатрабаваны.
Заснавальнік «Беларускай капэлы» Віктар Скарабагатаў
Папулярызатар Манюшкі
Гэты год быў багаты на юбілеі і падзеі ў беларускай гісторыі, таму Язэп Янушкевіч спрычыніўся да зьяўленьня шэрагу выданьняў. Найперш гэта працы да 200-годзьдзя з дня нараджэньня вялікага кампазытара Станіслава Манюшкі.
Па-першае, выйшаў пераклад з польскай мовы нарысу Аляксандра Валіцкага «Станіслаў Манюшка», зроблены Янушукевічам сумесна з дачкой Камілай. Ён быў выдадзены ў Варшаве ў 1873 годзе і ані разу не ўзнаўляўся. Па-другое, гісторыка-літаратурны збор матэрыялаў аўтарства Язэпа Янушкевіча «Літоўскі Пеўнік, або Мой Манюшка».
Язэп Янушкевіч
Стымул звальненьня
Да актыўнай выдавецкай справы падштурхнула звальненьне з працы, нечакана гаворыць дасьледнік.
«Так распарадзіўся лёс, што ад 2006 году я стаў прафэсійным літаратарам, — кажа Язэп Янушкевіч. — Пазбаўлены магчымасьці працаваць афіцыйна і ў Акадэміі навук, і ў Інстытуце дакумэнтазнаўства, дзе ўзначальваў аддзел археаграфіі, жыву так: што напісаў — тое зьеў, што пераклаў — тым і закусіў. І я разумею, што менавіта гэта — дасканала яно зроблена ці не — застанецца для нашчадкаў. Часам папікаюць, што малыя наклады. Ведаеце, навуковыя працы мовазнаўцы Яўхіма Карскага выходзілі колькасьцю паўсотні асобнікаў. А цяпер з тых брашурак паўстаюць тамы, якія называюцца адным словам — „Беларусы“».
Язэп і Каміла Янушкевічы
Сёлета выйшла таксама кніга «Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Выбраныя творы» — соты том у сэрыі выдавецтва «Кнігазбор», укладальнікам тома зьяўляецца Язэп Янушкевіч.
Сярод іншага гасьцям прэзэнтавалі кнігу Язэпа Янушкевіча «Апостал Палесься», галоўны герой якой — сьвяты Андрэй Баболя, якога шануюць у Беларусі і Польшчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «І першым паказаўся Каліноўскі». У Літве прэзэнтавалі хроніку адкрыцьця магілаў паўстанцаў