Дацкія палітыкі назвалі абразай адмову прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа ад заплянаванага візыту ў Капэнгаген у пачатку верасьня, перадае агенцтва Ritzau.
Агенцтва паведамляе, што ўрад краіны на чале з прэм’еркай Мэтэ Фрэдрыксэн пакуль не выпусьціла афіцыйную заяву з гэтай нагоды, тым ня менш, многія палітыкі зь вядучых партый Даніі раскрытыкавалі Трампа за «адсутнасьць павагі і абразу краіны» і яе каралевы Маргрэтэ II.
Напачатку дацкія палітыкі ўспрынялі навіну пра «куплю Грэнляндыі» з гумарам. Былы прэм’ер Ларс Лёкэ Расмусэн сказаў: «Напэўна, гэта першакрасавіцкі жарт».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп пацьвердзіў зацікаўленасьць у куплі Грэнляндыі«Трамп жыве на іншай плянэце», — напісала ў «Твітэры» дэпутатка парлямэнту і прадстаўніца «Чырвона-зялёнай кааліцыі» Пэрнілэ Скіпэр.
Дэпутат парлямэнту Мортэн Эстэргорд, былы міністар эканомікі краіны, заявіў, што ў гэтым выпадку «рэальнасьць перасягнула фантазіі» і выказаў зьдзіўленьне тым, што ў Вашынгтоне ніхто не сказаў Трампу, што ён ніяк ня можа купіць Грэнляндыю.
«Прэзыдэнт Злучаных Штатаў адклаў візыт у Данію, бо ў яе няма зацілаўленьня абмяркоўваць продаж Грэнляндыі. Гэта жарт? Гэта вельмі абразьліва для жыхароў Грэнляндыі і датчанаў», — заявіла ў «Твітэры» экс-прэм’ерка Даніі Гэле Торнінг-Шміт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп зацікавіўся купляй Грэнляндыі ў Даніі, — СМІАкрамя таго, былы кіраўнік МЗС краіны, дэпутат парлямэнту ад апазіцыі, Крыстыян Енсэн назваў цяперашнюю сытуацыю дыпляматычным крызісам, а таксама заявіў пра неабходнасьць перабудоўваць адносіны паміж дзьвюма краінамі.
Прадстаўнік Кансэрватыўнай партыі Даніі Расмус Ярлаў таксама ўжыў слова «абраза» ў сваім камэнтары адносна сытуацыі і пацікавіўся ў Трампа, ці ня хоча ён прадаць частку тэрыторыі ЗША, адзначае Ritzau.
Віцэ-прэзыдэнт Дацкай народнай партыі Сорэн Эспэрсэн, які раней называў Трампа «вар’ятам», прапанаваў яму не пераносіць візыт, а зусім скасаваць. «Мы тут занятыя іншымі справамі», — напісаў ён у «Твітэры».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Востраў незалежнасьці: чаму Грэнляндыя можа аддзяліцца ад ДанііСа свайго боку прадстаўнік дацкай каралеўскай сям’і паведаміў, што навіна пра перанос візыту на нявызначаны тэрмін стала сюрпрызам для манаршых асоб Даніі.
Раней паведамлялася, што Трамп вырашыў адкласьці прызначаную сустрэчу з прэм’ер-міністаркай Даніі Фрэдэрыксэн на нявызначаны тэрмін з прычыны яе нежаданьня абмяркоўваць продаж Грэнляндыі.
Газэта The Wall Street Journal паведамляла са спасылкай на двух памочнікаў прэзыдэнта Трампа, што ён неаднаразова пытаўся ў іх і іншых супрацоўнікаў адміністрацыі аб магчымасьці купіць Грэнляндыю. Адзначаецца, што ён нават папрасіў юрысконсульта Белага дому правесьці прававую экспэртызу праекту.
Інфармацыя аб намерах Трампа выклікала крытыку як у Грэнляндыі, так і ў Даніі. Так, прэм’ер-міністарка Даніі Мэтэ Фрэдэрыксэн падкрэсліла, што лічыць ідэю куплі Грэнляндыі ў Даніі «абсурднай тэмай» і выключыла магчымасьць яе продажу.