На перагоне Ворша — Віцебск каля вёскі Замасточча (15 км ад Віцебску) з рэек сышло 15 цыстэрнаў з прапанам, піша Міністэрства надзвычайных сытуацый Беларусі. Адна цыстэрна працякла.
Паводле Беларускай чыгункі, з рэек сышло 18 цыстэрнаў грузавога цягніка № 2029. Агулам цягнік складаўся з 68 вагонаў.
Пацярпелых няма.
Замасточча
Адбыўся выцек прапану
Па стане на 20:40 нібыта выявілі «невялікі выцек», паведамілі Свабодзе ў дзяжурнай частцы Віцебскага абласнога ўпраўленьня МНС.
«Выцек там невялікі нібыта ёсьць», — сказалі ў дзяжурнай частцы.
Абноўлена 22:56. Прэс-служба МНС пацьвердзіла, што ўцечка адбылася ў адной з цыстэрнаў. Вакол месца выцеку стварылі пенную падушку, якая пастаянна абнаўляецца.
Пенная падушка вакол месца выцеку. Фота: прэс-служба МНС.
53 цыстэрны адбуксавалі на бясьпечную адлегласьць. Вядуцца аднаўленчыя працы.
Забясьпечана бесьперабойная падача вады і пенаўтваральніка, стварылі рэзэрв сілаў і сродкаў МНС.
Спынілі цягнікі ў напрамку Віцебск — Ворша
Пасажыраў цягнікоў Ворша — Віцебск і Магілёў — Полацак высадзілі і дастаўляюць аўтобусамі. Частка людзей застаецца чакаць на вуліцы, піша Nexta.
Для расьсьледаваньня інцыдэнту стварылі спэцыяльную камісію, піша Беларуская чыгунка.
Фота: тэлеграм-канал Nexta.
Чыгуначны рух на ўчастку, дзе адбылося здарэньне, спынілі. Рух пасажырскіх цягнікоў часова арганізавалі па зьмененых маршрутах, піша Беларуская чыгунка.
Як сказалі Свабодзе ў даведцы Беларускай чыгункі, даехаць цягнікамі з Воршы ў Віцебск і наадварот 24 ліпеня ўжо не атрымаецца. Злучэньне адновіцца ўначы 25 ліпеня, цягнікі зь Віцебску ў Воршу пройдуць праз станцыю Завольша на мяжы з Расеяй.
Цягнік Полацак — Гомель, які меўся ехаць праз станцыі Віцебск і Ворша, паедзе да Менску праз Маладэчна, сказалі ў даведцы БЧ.
Другая аварыя за месяц
15 ліпеня на ўчастку Ворша — Менск з рэек сышлі 7 вагонаў таварнага цягніка, пацярпелых не было.