Пад Глыбокім паставілі помнік на магіле журналіста Свабоды Язэпа Барэйкі

Надмагільны помнік дыктару Свабоды Язэпу Барэйку ля Глыбокага. Фота: Уладзімер Скрабатун

У Гірстунах, што недалёка ад Глыбокага, паставілі надмагільны помнік журналісту і дыктару Свабоды, гісторыку і дзеячу беларускай міграцыі Віктару Сянкевічу (сапраўднае імя якога — Вінсэнт Сенькавец, а псэўданім на Свабодзе — Язэп Барэйка).

Як адзначае рэдактар газэты «Вольнае Глыбокае» Ўладзімер Скрабатун, помнік пастаўлены на сямейным пахаваньні — побач зь Віктарам Сянкевічам ляжаць ягоныя маці і жонка.

«Прах абаіх год назад прывёз з Сан-Францыска сын Майкл Сянкевіч, — расказвае Скрабатун. — На помніку эпітафія на беларускай мове, так захацеў сын Майкл, які прысутнічаў пры пахаваньні праху свайго бацькі і маці год назад, так і цяпер пры ўстаноўцы помніка. Ён прыбыў з Сан-Францыска з жонкай і старэйшым сынам. З тэкстам эпітафіі на маю просьбу парупіўся Зьміцер Бартосік, які працягвае справу Віктара Сянкевіча на Радыё Свабода».

Віктар Сінкевіч памёр у верасьні 2017 году ў Сан-Францыска на 92-м годзе жыцьця. На радзіме ягоны прах быў пахаваны летась.

Віктар Сянкевіч нарадзіўся на Глыбоччыне, падчас вайны трапіў у Нямеччыну, пасьля ў Францыю, дзе браў удзел у руху Супраціву; пасьля як былы грамадзянін даваеннай Польшчы трапіў у корпус Андэрса, закончыў вайну ў Італіі.

Пасьля вайны, як і шмат хто з былых жаўнераў корпусу Андэрса, Сянкевіч пасяліўся ў Вялікай Брытаніі, адкуль на пачатку 50-х ён паехаў па навуку ў бэльгійскі Лювэн. У 1953 годзе пераехаў у Гішпанію, скончыў там філязофскі факультэт Мадрыдзкага ўнівэрсытэту, абараніў дактарат на тэму гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. У 1958-1961 гадох працаваў у беларускай сэкцыі Нацыянальнага гішпанскага радыё.

Your browser doesn’t support HTML5

Язэп Барэйка - візытоўка Свабоды 1970-х

Пасьля гэтага паступіў на працу ў тэхнічнай абслузе перадатчыка Радыё Свабода — Радыё Свабодная Эўропа ў мясцовасьці Палямас каля гораду Жыроны ў Каталёніі. З часам ён пачаў дасылаць у Мюнхэн свае перадачы. Сянкевіч пакінуў па сабе таксама немалую творчую спадчыну — сотні скрыптоў на самыя розныя тэмы беларускай гісторыі.

«Гаварыў Язэп Барэйка», — гучала на заканчэньне ягоных перадач у гады халоднай вайны.

Віктар Сянкевіч. Апошняе вядомае фота. Каліфорнія, 1994 год