Лідэрам «Справядлівага сьвету» зноў стаў Сяргей Калякін

Зьезд партыі "Справядлівы сьвет", у цэнтры - Сяргей Калякін, Менск

За 66-гадовага Сяргея Калякіна прагаласавала 79 з 137 дэлегатаў ХХ зьезда Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет», які сёньня адбыўся ў Менску.

«Мы засталіся камуністычнай партыяй. Таму мы павінны ісьці да моладзі з камуністычнай ідэалёгіяй, з камуністычнай сымболікай» — сказаў у заключным слове стары-новы лідэр.

Сяргей Калякін ачольвае Беларускую партыю левых «Справядлівы сьвет» 25 гадоў — з 1994 года (да 2009-га яна называлася Партыяй камуністаў Беларускай). Болей яго апазыцыйнымі партыямі ў гісторыі сувэрэннай Беларусі не кіраваў ніхто.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Патрабуюць разьвярнуцца ў бок сацыялізму. Як праходзіць зьезд партыі «Справядлівы сьвет»

Прэтэндэнтаў на пасаду старшыні партыі было трое. Апроч Калякіна, дэлегаты вылучылі 35-гадовага Аляксея Елісеева, кандыдата гістарычных навук і кіраўніка Менскага філіялу Расейскага эканамічнага ўнівэрсытэту імя Пляханава. 29-гадовы наладчык заводу «Інтэграл» Яўген Макараў вылучыў сябе сам.

Перад выбарамі з залі паступіла прапанова зьмяніць працэдуру: галасаваць не таемна, бюлетэнямі, а адкрыта, уздымаючы рукі — маўляў, партыйцам няма чаго хаваць. Аднак Сяргей Калякін заклікаў захоўваць дэмакратычныя прынцыпы і галасаваць бюлетэнямі.

  • За Калякіна прагаласавала 79 чалавек.
  • За Аляксея Елісеева — 40 чалавек.
  • Яўген Макараў набраў 12 галасоў.
  • Супраць усіх — 2.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Два «доўгажыхары» сёлета сышлі з кіраўніцтва апазыцыйнымі партыямі Беларусі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калякін пасьля 25 гадоў кіраўніцтва партыяй зноў хоча балятавацца на старшыню. Навошта?