Маскоўскі патрыярх застаўся бяз званьня ганаровага прафэсара

Патрыярх Кірыл на пасяджэньні калегіі Міністэрства абароны Расеі, сьнежань 2018

Прэзыдыюм Расейскай акадэміі навук зьняў з парадку свайго пасяджэньня, заплянаванага на 22 студзеня, пытаньне аб прысуджэньні званьняў «Ганаровы прафэсар РАН» патрыярху Кірылу і старшыні Савету Фэдэрацыі Валянціне Мацьвіенцы.

Пра гэта сказаў Свабодзе віцэ-прэзыдэнт РАН Юрый Балега. Прадстаўнікі расейскай навуковай супольнасьці, апытаныя Радыё Свабода, лічаць, што прычынай гэтага стала хваля абурэньня сярод акадэмікаў і навукоўцаў, якая паднялася пасьля паведамленьняў аб прысваеньні ганаровых званьняў патрыярху і кіраўніцы Савету Фэдэрацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка ня можа не хацець незалежнай царквы», — айцец Аляксандар Шрамко

Пра тое, што кіраўнік Расейскай праваслаўнай царквы і старшыня Савету Фэдэрацыі ўжо маюць званьні «Ганаровы прафэсар РАН», 18 студзеня са спасылкай на прэс-службу акадэміі паведаміла газета «Коммерсант» і расейскія інфармацыйныя агенцтвы.

Сьледам за гэтым прэс-сакратар РАН Сьвятлана Папова заявіла, што насамрэч рашэньне аб прысуджэньні званьняў 22 студзеня будзе толькі вынесенае на галасаваньне, а цырымонія прысваеньня тытулу «ганаровы прафэсар» у выпадку ўхваленьня гэтага рашэньня прэзыдыюмам адбудзецца пазьней. Цяпер адмянілі і само галасаваньне.

Юрый Балега сказаў Свабодзе, што званьня ганаровага прафэсара РАН былі да сёньня ўдастоеныя 11 чалавек, сярод якіх колішні мэр Масквы Юрый Лужкоў і папярэдні патрыярх Алексій.

Абурэньне навуковай супольнасьці выклікаў ня толькі той факт, што аб прысваеньні званьняў патрыярху Кірылу і Валянціне Мацьвіенцы было абвешчана яшчэ да абмеркаваньня гэтага пытаньня прэзыдыюмам РАН, але і адсутнасьць самога паняцьця «ганаровы прафэсар» у новым статуце Акадэміі навук, прынятым у чэрвені 2014 году. У ранейшым статуце 2001 году такое званьне было: як вынікае з тэксту статуту, яно прысуджалася «выдатным дзеячам сусьветнай культуры, навукоўцам, дзяржаўным і грамадзкім дзеячам».