Суд у Маскве завочна арыштаваў Уільяма Браўдэра, які ініцыяваў санкцыі супраць расейскіх чыноўнікаў

Уільям Браўдэр

Цьвярскі суд Масквы завочна арыштаваў заснавальніка фонду Hermitage Capital Уільяма Браўдэра. Пра гэта паведамляе «Інтэрфакс». Бізнэсоўца абвінавачваюць у стварэньні злачыннай супольнасьці для арганізацыі цяжкіх эканамічных злачынстваў.

Браўдэр — былы працадаўца юрыста Сяргея Магніцкага, які загінуў у расейскім СІЗА ў 2009 годзе. Пасьля яго сьмерці бізнэсовец быў ініцыятарам прыняцьця «акту Магніцкага» — закону ЗША, які ўводзіць санкцыі супраць людзей, адказных за парушэньне правоў чалавека ў Расеі.

  • Суд пастанавіў арыштаваць Браўдэра на два месяцы з моманту экстрадыцыі яго ў Расею ці затрыманьня яго на тэрыторыі краіны. Бізнэсовец жыве ў Вялікабрытаніі, Расея ўжо выдавала запыты на яго вышук у Інтэрпол, аднак усе яны былі адхіленыя.
  • Ад сярэдзіны 90-х гадоў Браўдэр быў найбуйнейшым замежным партфэльным інвэстарам у Расеі, нагадвае РІА Новости. За час працы ён мог зарабіць на інвэстыцыях больш за 300 мільёнаў даляраў, ацэньваў яго працу Forbes. Цяпер ён папярэджвае замежных інвэстараў, што інвэстыцыі ў расейскую эканоміку могуць быць небясьпечнымі для свабоды і жыцьця. Браўдэр абвінавачваў расейскія ўлады ў спробе рэйдэрскага захопу ягоных кампаніяў.
  • У Расеі суды двойчы завочна прысуджвалі бізнэсоўцу дзевяць гадоў пазбаўленьня волі за махлярства, нявыплату падаткаў і наўмыснае банкруцтва. Сам ён лічыць, што яго перасьледуюць за раскрыцьцё карупцыйных схемаў, у якіх задзейнічаныя высокапастаўленыя супрацоўнікі праваахоўных органаў.
  • У лістападзе Браўдэру былі завочна прад’яўленыя абвінавачваньні ў забойстве Магніцкага. Паводле вэрсіі сьледзтва, ён атруціў свайго юрыста з дапамогай «дывэрсійнага хімічнага рэчыва». Браўдэр зьвязаў новыя абвінавачваньні на свой адрас з выбарамі прэзыдэнта Інтэрполу, дзе ўдзельнічаў кандыдат ад Расеі, і абмеркаваньнем у Эўразьвязе «закону Магніцкага», які ўводзіць новыя санкцыі супраць расейскіх чыноўнікаў У гібелі Магніцкага ён вінаваціць расейскія ўлады.