Дэпутаты дэкрыміналізавалі «дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі»

Архіўнае фота. Жнівень 2006 году. Эніру Браніцкую, якую асудзілі за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі «Партнэрства», канваююць у суд

Палата прадстаўнікоў 19 сьнежня ў другім чытаньні прагаласавала за выключэньне з Крымінальнага кодэксу артыкула 193.1 («Дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі»).

У той жа час замест крымінальнай адказнасьці за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі ўводзіцца адміністрацыйная адказнасьць — арт. 23.88 КаАП, які прадугледжвае штраф да 50 базавых велічынь. Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна» са спасылкай на праваабаронцаў «Цэнтру прававой трансфармацыі Lawtrend».

Для таго каб набыць сілу закону, законапраект яшчэ павінен быць ухвалены Саветам Рэспублікі і падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не саджаць за незарэгістраваныя арганізацыі: што хочуць зьмяніць у Крымінальным кодэксе

Пра неабходнасьць адмены гэтага крымінальнага артыкула казалі даўно, гэтага патрабавалі міжнародныя арганізацыі і праваабаронцы.

У 2015 годзе прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі выступілі з адкрытым зваротам да дзяржавы, адным з пунктаў якога стала патрабаваньне скасаваць артыкул 193.1, а таксама забарону на дзейнасьць ад імя незарэгістраваных арганізацый.

За час існаваньня артыкула 193.1 да крымінальнай адказнасьці ў Беларусі былі прыцягнутыя 17 чалавек, зь іх 5 былі пакараныя пазбаўленьнем волі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Партнэрства», «Малады Фронт», «Вясна». Каго зачапіў артыкул 193.1, які хочуць лібэралізаваць

У жніўні 2006 году па гэтым артыкуле ў турмы пасадзілі Цімафея Дранчука (1 год у калёніі агульнага рэжыму), Мікалая Астрэйку (два гады ў калёніі агульнага рэжыму), Андрэя Шалейку і Эніру Браніцкую (абаім — па 6 месяцаў агульнага рэжыму) за дзейнасьць арганізацыі «Партнэрства», якая займалася назіраньнем на выбарах.

У 2006 годзе крымінальную справу супраць актывістаў беларускага «Маладога фронту», зарэгістраванага ў Чэхіі, распачалі супрацоўнікі Камітэту барацьбы з тэрарызмам. У пракуратурах тады дапытвалі дзясяткі маладафронтаўцаў.

На закрытым судзе Зьмітру Дашкевічу прысудзілі паўтара года пазбаўленьня волі. Зьмітра Хведарука аштрафавалі на 40 базавых велічыняў, Алега Корбана, Аляксея Янушэўскага і Барыса Гарэцкага — на 30 базавых, Насту Палажанку (цяпер — Дашкевіч) толькі папярэдзілі. За «Малады фронт» штрафавалі таксама Эдварда Зелянкова, Яраслава Грышчэню, Анастасію Азарку і Касю Салаўёву.

У 2013 годзе жыхара вёскі Аляксандраўка Шчучынскага раёну Аляксея Шчадрова, які арганізаваў у вёсцы прытулак для бяздомных, вінавацілі ў дзейнасьці ад імя «незарэгістраванай рэлігійнай арганізацыі». Шчадрова ў выніку не пакаралі, але прытулак намагаліся закрыць іншымі шляхамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьмены ў Крымінальным кодэксе: прывід лібэралізацыі

У лютым 2011 году старшыні «Вясны» Алесю Бяляцкаму вынесьлі афіцыйнае папярэджаньне аб недапушчальнасьці дзейнасьці ад імя праваабарончай арганізацыі «Вясна», якая не прайшла дзяржаўнай рэгістрацыі.

Паводле артыкула «папярэджвалі» таксама Саюз палякаў і рух «Гавары праўду».

Асамблея НДА Беларусі ў 2009 годзе ініцыявала правядзеньне кампаніі «Стоп 193.1!», у рамках якой адбылося некалькі прыкметных акцый. Адна зь іх — «Дзяды Марозы» супраць 193 артыкула Крымінальнага кодэксу.

Месяц таму стала вядома, што ў дачыненьні да магілёўскага сябра праваабарончага цэнтру «Вясна» Аляксандра Буракова распачалі праверку ў рамках крымінальнага працэсу па арт. 193.1 — пра гэта яму паведаміў міліцыянт падчас нефармальнай сустрэчы. Аднак пазьней праверку прыпынілі.