Судзьдзя ў Вашынгтоне адклаў вынясеньне прысуду былому дарадцу Трампа

Майкл Флін

У Вашынгтоне, у фэдэральным судзе акругі Калюмбія, судзьдзя адклаў вынясеньне прысуду Майклу Фліну, былому дарадцу прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.

Раней паведамлялася, што спэцпракурор ЗША Робэрт Мюлер раіў суду не караць былога дарадцу прэзыдэнта Трампа Майкла Фліна пазбаўленьнем волі. Бок абвінавачваньня заявіў, што Флін даў сьледзтву каштоўную інфармацыю аб расейскім умяшаньні ў амэрыканскія выбары ў 2016 годзе.

Робэрт Мюлер

У дакумэнтах, пададзеных спэцпракурорам, паведамлялася, што Фліна дапытвалі 19 разоў. Падчас допытаў былы дарадца Трампа перадаў сьледчаму «інфармацыю пра зьмест і абставіны ўзаемадзеяньня паміж пераходнай камандай новага прэзыдэнта і чыноўнікамі з расейскага ўраду».

Флін прапрацаваў на пасадзе дарадцы прэзыдэнта Трампа ўсяго 24 дні. Прычынай яго звальненьня стаў скандал вакол яго сустрэчы ў Вашынгтоне з тагачасным паслом Расеі Сяргеем Кісьляком. Крыху больш за год таму ён прызнаў, што хлусіў ФБР у тым, што не абмяркоўваў зь Кісьляком амэрыканскія санкцыі.

Джарэд Кушнэр

Флін пакуль што адзіны супрацоўнік адміністрацыі Трампа, які прызнаў сябе вінаватым у справе аб магчымай змове штабу Трамп з Крамлём, якое расьсьледуе каманда спэцпракурора Мюлера. У прыватнасьці, ён расказаў, што людзі з бліжэйшага атачэньня Трампа, у тым ліку яго зяць, Джарэд Кушнэр, давалі яму шэраг даручэньняў за некалькі тыдняў да інаўгурацыі прэзыдэнта. Трамп адмаўляе якую-небудзь змову свайго перадвыбарчага штабу з Расеяй. Фэдэральнае заканадаўства прадугледжвае да шасьці месяцаў турмы ў якасьці пакараньня за злачынства, у якім абвінавачваюць Фліна.