У Дэпартаменце канстытуцыйнай бясьпекі (ДКБ) Грузіі ў 2007 годзе распрацоўвалі плян замаху на бізнэсоўца Бадры Патаркацышвілі, санкцыю на забойства якога даў тагачасны прэзыдэнт краіны Міхаіл Саакашвілі, паведаміла 17 кастрычніка Галоўная пракуратура Грузіі.
Прадпрымальнік і блізкі сябра Барыса Беразоўскага Бадры Патаркацышвілі ў той час жыў у Тбілісі і дапамагаў грузінскай апазыцыі, якая дамагалася адстаўкі тагачаснага прэзыдэнта Міхаіла Саакашвілі.
Абвінавачваньні выставілі тром былым высокапастаўленым супрацоўнікам ДКБ на падставе аўдыёзапісаў, якія выявілі ў аднаго зь іх падчас ператрусу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Саакашвілі завочна асудзілі ў Грузіі да 6 гадоў турмыЗапісы датуюцца 4 і 5 лютага 2007 году. На іх — размова паміж кіраўнікамі Дэпартамэнту канстытуцыйнай бясьпекі і Апэратыўнага сьледчага дэпартамэнту МУС, у якой абмяркоўваюцца мэтады забойства Патаркацышвілі, вярбоўка супрацоўнікаў аховы і пэрсаналу бізнэсоўца. У тым ліку гаворка ідзе пра магчымасьць нанясеньня на дзьвярную ручку ягонага дома атрутнага рэчыва.
У пракуратуры паведамілі, што, паводле папярэдніх дадзеных, якія патрабуюць праверкі, загад аб «ліквідацыі» Бадры Патаркацышвілі «сілавікі» атрымалі асабіста ад экс-прэзыдэнта. Але крымінальная справа супраць самога Саакашвілі пакуль ня ўзбуджаная.
У аўторак, 16 кастрычніка, аднаго з падазраваных затрымалі. Ён заявіў, што невінаваты, а аўдыёзапісы сфальшаваныя.
У лістападзе 2007 году Бадры Патаркацышвілі зьехаў у Лёндан. У лютым 2008 году ён памёр ва ўласнай хаце. Паводле вэрсіі брытанскіх сьледчых, прычынай сьмерці бізнэсоўца стаў інфаркт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад астрогу няма перасьцярогу: калі і куды беглі прэзыдэнтыСаакашвілі пакінуў Грузію ў 2013 годзе за некалькі дзён да заканчэньня тэрміну паўнамоцтваў, потым жыў у ЗША і Ўкраіне. У 2014 годзе ў Грузіі супраць Саакашвілі былі вылучаныя абвінавачваньні ў арганізацыі расправы над удзельнікамі мітынгу 7 лістапада 2007 году, у супрацьпраўным уварваньні ў будынак тэлеканалу «Імеды» і незаконным прысваеньні маёмасьці бізнэсоўца Бадры Патаркацышвілі, у арганізацыі нападу на дэпутата Валерыя Гелашвілі ў 2005 годзе, перашкодзе расьсьледаваньню забойства банкіра Сандра Гіргвліяні і марнаваньні дзяржсродкаў у 2009-2012 гадах.
У траўні 2015 году Саакашвілі атрымаў пашпарт Украіны, аднак 26 ліпеня 2017 году прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка пазбавіў яго ўкраінскага грамадзянства.