Лідэр правай Партыі свабоды, дэпутат парлямэнта Нідэрляндаў Герт Вілдэрс адмяніў раней абвешчаны ім конкурс карыкатур на прарока Мухамэда праз пагрозы.
«Іслам зноў паказаў свой сапраўдны твар з пагрозамі сьмерцю, фатвы і гвалту. Аднак бясьпека маіх суграмадзян для мяне на першым месцы», — напісаў Вілдэрс у твітэры.
Меркавалася, што конкурс пройдзе ў лістападзе ў офісе Партыі свабоды, а пераможца атрымае 10 тысяч даляраў. Улады Нідэрляндаў не забаранялі конкурс, спасылаючыся на свабоду слова.
Пратэсты ў Пакістане
Пляны Вілдэрса выклікалі пратэсты ў Пакістане, дэманстранты запатрабавалі адмяніць конкурс або выслаць амбасадара Нідэрляндаў з Карачы. У Гаазе 28 жніўня затрымалі пакістанца, які апублікаваў у фэйсбуку пагрозы на адрас Вілдэрса. Прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў Нідэрляндаў адмовіліся ад заплянаванай паездкі ў Пакістан.
Вілдэрс рэгулярна атрымлівае пагрозы з прычыны сваіх антымусульманскіх заяў. У ходзе перадвыбарчай кампаніі ў сакавіку мінулага года ён паабяцаў, у выпадку калі зойме крэсла прэм’ер-міністра, закрыць межы для імігрантаў-мусульман, забараніць продаж Карана, зачыніць мячэці. Прыкладна 5 адсоткаў насельніцтва Нідэрляндаў — мусульмане.