Паранены ў Івацэвічах міліцыянт прыйшоў у прытомнасьць

На месцы здарэньня.

Пра гэта паведаміў галоўны ўрач Івацэвіцкай цэнтральнай раённай бальніцы Васіль Юзэфовіч.

Паводле агенцтва БелТА, стан пацярпелага міліцыянта застаецца цяжкім. «Гэта абумоўлена перанесенымі раненьнямі, апэрацыямі, — цытуе агенцтва Васіля Юзэфовіча. — Ён прыйшоў у прытомнасьць. Усе жыцьцёвыя паказчыкі адсочваюцца, яны стабільныя. У гэтай сытуацыі гэта самае галоўнае».

Жыхар Івацэвіцкага раёна страляў па супрацоўнікам міліцыі ўдзень 17 жніўня. Паводле інфармацыі Сьледчага камітэту, гэта быў 57-гадовы жыхар вёскі Бабровічы. Інцыдэнт адбыўся, калі да яго з мэтай праверкі ўмоваў захоўваньня паляўнічай зброі прыйшлі ўчастковыя. У выніку адзін зь іх быў забіты на месцы, іншаму нападнік стрэліў у сьпіну.

Паводле галоўурача Івацэвіцкай раённай бальніцы Юзэфовіча, зараз праводзіцца мэдычны кансіліум, на якім абмяркоўваецца неабходнасьць транспарціроўкі параненага міліцыянта ў шпіталь Менску. У пацярпелага некалькі агнястрэльных раненьняў грудной клеткі і паясьнічнай вобласьці з пашкоджаньнем унутраных органаў і ўнутрыбрушным крывацёкам.