Сьведкі ў справе атрымалі позвы ў суд Савецкага раёну Менску на 10 ліпеня. Зьміцер Галко вывучыў крымінальную справу і паведамляе ў лістах, што гатовы да абароны сваёй невінаватасьці.
Пра гэта паведаміў Свабодзе бацька Зьмітра Мікалай Галко. Сьведкамі пойдуць падлеткі, сябры сына Яна, а таксама ягоная маці Вольга. Сам Ян ня будзе ўдзельнічаць у судовым працэсе.
Зьміцер Галко не прызнаў сваёй віны і наагул нічога, што яму інкрымінуюць, адмовіўся супрацоўнічаць са сьледзтвам. Яму не дазволілі ніводнага спатканьня з роднымі. На ўмовы ўтрыманьня ў Жодзінскім ізалятары Галко-малодшы ня скардзіцца, у камэры спачатку яны былі ўдвох з мужчынам пажылога веку з псыхічным расстройствам, але таго павезьлі на экспэртызу.
«Ад прагулак Зьміцер адмовіўся, бо лічыць зьневажальнай працэдуру вываду на яе, калі рукі назад, прымушаюць згінацца лбом да кален і такім чынам перасоўвацца. Праз адсутнасьць сьвежага паветра ён пакутуе на галаўныя болі. 28 чэрвеня ў Жодзіна паехала ягоная маці Тацяна. Яна хоча сустрэцца з дактарамі», — расказаў Мікалай Галко.
Інцыдэнт са Зьмітром Галко адбыўся ў лістападзе 2017 году на менскай кватэры, дзе ён жыў з сынам Янам. Падчас сьвяткаваньня дня народзінаў юнака нібыта нехта з суседзяў выклікаў міліцыю з прычыны «празьмернага шуму». Зьміцер адчыніў дзьверы. Паводле вэрсіі сілавікоў, у яго здарыўся канфлікт зь міліцыянтам, у выніку чаго быў разьбіты мабільны тэлефон супрацоўніка ўнутраных органаў. Галко казаў, што толькі трымаў міліцыянта за руку. Пазьней адбыўся адміністрацыйны працэс, журналіста пакаралі за нецэнзурную лаянку.
Пасьля інцыдэнту Зьміцер і Ян зьехалі зь Беларусі ва Ўкраіну. 22 красавіка падчас вяртаньня ў Менск Зьміцер Галко быў затрыманы на беларуска-ўкраінскай мяжы і ад таго часу знаходзіцца пад вартай.
Падлеткі праходзяць сьведкамі ў справе, на судовы працэс іх павінны выклікаць.