Падзеі 10 чэрвеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.
Дата дня
10 чэрвеня 1812 году ў Полацку адкрылася езуіцкая акадэмія — першая вышэйшая навучальная ўстанова на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Полацкая езуіцкая акадэмія дзейнічала да 1820 году.
Полацкая езуіцкая акадэмія. Малюнак Напалеона Орды
Таксама ў гэты дзень
1562 — з друкарні ў Нясьвіжы выйшла першая кніга беларускага асьветніка Сымона Буднага Катэхізіс.
«Катэхізіс» Сымона Буднага
1925 — пастановаю Савету народных камісараў БССР Янку Купалу прысвоілі званьне народнага паэта Беларусі ў сувязі з 20-годзьдзем ягонай творчай дзейнасьці. Купала стаў першым афіцыйна прызнаным народным паэтам.
1940 — падчас Другой ўсясьветнай вайны Італія абвясьціла вайну Францыі ды Вялікабрытаніі.
1947 — кампанія «Сааб» выпусьціла свой першы аўтамабіль.
2008 — з аўкцыёну прадалі пісьменьніцкі дом адпачынку Іслач у Валожынскім раёне. Папярэдне Вярхоўны суд за «парушэньні статутнай дзейнасьці» зьліквідаваў Беларускі літаратурны фонд, які распараджаўся санаторыем.
2009 — падчас расейска-беларускай малочнай вайны на тэрыторыі Расеі забаранілі ўвоз практычна ўсёй беларускай малочнай прадкцыі. Галоўны санітарны ўрач Расеі Генадзь Анішчанка абвясьціў пра сьпіс забаронаў 6 чэрвеня, а 9 чэрвеня яго дапоўніў. З гандлёвых сетак Расейскай Фэдэрацыі пачалі здымаць малочныя вырабы беларускай вытворчасьці, а ў Беларусі вернутае малако вылівалі ў сянажныя вежы.
Гомельскі мясакамбінат: прадукцыя, у якой у Расеі знайшлі чуму сьвіней, туды не пастаўлялася
У гэты дзень нарадзіліся
1723 – Францішак Папроцкі, езуіт, філёзаф і асьветнік, адзін з выдаўцоў віленскіх «Палітычных каляндароў», заснавальнік, выдавец і рэдактар штотыднёвіка «Літоўскі кур’ер».
1883 – у Будславе нарадзіўся Язэп Гапановіч, нацыянальны дзяяч, прадпрымальнік.
1936 – Вячаслаў Кебіч, беларускі палітык, першы прэм’ер-міністар Рэспублікі Беларусь у пэрыяд з 1990 па 1994 год.
«Шчасьлівым чалавекам я адчуваў сябе двойчы ў жыцьці: калі быў студэнтам і калі працаваў дырэктарам заводу».
З мэмуараў Вячаслава Кебіча «Спакуса ўладай».
Вячаслаў Кебіч падае два пальцы Аляксандру Лукашэнку ў часе рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты, 31 траўня 1994 г. Фота з газэты "Свабода"
1977 – Віктар Ганчарэнка, футбаліст, трэнэр футбольнага клюбу БАТЭ ў 2004-2013 гадах. Ад 2016 году працуе ў расейскім ЦСКА, з камандай якой двойчы ўзяў срэбра расейскага чэмпіянату, дайшоў да чвэрцьфіналу Лігі Эўропы.
Віктар Ганчарэнка на пасадзе трэнэра БАТЭ, 2008 год
Віктар Ганчарэнка расказаў, як правільна называць яго і ягоную краіну
У памяці
1923 – Міхал Федароўскі, фальклярыст, этнограф, археоляг, калекцыянэр.
1982 – Ян Садоўскі, навуковец, скарыназнаўца, дзяяч беларускай эміграцыі ў Вялікабрытаніі і Канадзе.
2010 – Пётр Маланачкін, грамадзкі актывіст з Горак, ініцыятар збору подпісаў супраць будаўніцтва беларускай атамнай электрастанцыі.