Падчас музычна-паэтычнай вечарыны ў Менску 6 сьнежня назавуць імя першага ляўрэата (або першай ляўрэаткі) прэміі імя Натальлі Арсеньневай за найлепшую паэтычную кнігу, выдадзеную ў 2016 годзе.
Рашэньне, якая кніга заслугоўвае гэтага гонару, прыняло журы ў складзе: Ірына Багдановіч, Лявон Баршчэўскі, Уладзімір Глазаў, Вальжына Морт і Ціхан Чарнякевіч.
У кароткі сьпіс прэміі за найлепшую паэтычную кнігу мінулага году ўвайшлі:
- Віктар Жыбуль «Дзяцел і дупло»
- Ганна Комар «Страх вышыні»
- Наста Кудасава «Маё невымаўля»
- Уладзімір Някляеў «Толькі вершы»
- Сяргей Прылуцкі «Патрыятызм для чайнікаў»
- Міхась Скобла «Камізэлька для месяца»
- Андрэй Хадановіч «Цягнік Чыкага-Токіё»
- Юлія Цімафеева «Цырк»
Уручэньне прэміі і музычна-паэтычная вечарына адбудуцца ў Прэс-клюбе (вул. Веры Харужай 3–601). Пачатак — а 18:30. Уваход вольны.
Літаратурная прэмія імя Натальлі Арсеньневай заснаваная пры спрыяньні Фонду культуры і адукацыі Орса-Рамана і Харытатыўнага фонду Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі. Сёлета прэмія будзе ўручаецца ўпершыню, але плянуецца, што яна стане штогадовай.