«Катастрафічны і беспрэцэдэнтны» ўраган «Гарві» ў Тэхасе працягваецца

Ураган «Гарві»

Мэтэаролягі папярэджваюць, што паводка ў амэрыканскім штаце Тэхас можа працягнуцца на наступным тыдні.

Трапічны шторм «Гарві» забраў жыцьці сама меней двух чалавек. У нядзелю ён выклікаў беспрэцэдэнтныя залевы на паўднёвым усходзе Тэхасу.

Першай ахвярай шторму стаў жыхар гораду Рокпарту, які загінуў у доме, што загарэўся. Другой ахвярай стала жанчына, якая, паводле ўладаў, загінула пасьля таго, як выбралася з машыны на затопленую вуліцу ў Хʼюстане.


Паводле Нацыянальнай службы надворʼя, зь вечара пятніцы ў раёне Хʼюстану зьявіліся ня меней за сем тарнада.

Акрамя двух загінулых, ад шторму «Гарві» пацярпелі прынамсі 14 чалавек. Улады асьцерагаюцца, што колькасьць пацярпелых можа вырасьці, і мяркуюць, што ім удасца адшукаць іншых пацярпелых пасьля таго, як шторм рушыў углыб тэрыторыі.

Нацыянальная служба надворʼя ў Хʼюстане ў нядзелю назвала паводку «катастрафічнай і беспрэцэдэнтнай, якая ўяўляе пагрозу для жыцьця людзей». Мэтэаролягі папярэдзілі, што яна можа працягнуцца на наступным тыдні.