У судзе Чыгуначнага раёну Гомля 21 чэрвеня адбыўся папярэдні разгляд пазову гомельскага урбаніста і архітэктара, сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Сяргея Ляпіна да абласной газэты «Гомельская праўда» і яе карэспандэнта Рамана Старавойтава. Пазоўнік заявіў пра абразу яго гонару, годнасьці й дзелавой рэпутацыі ў публікацыях афіцыйнай газэты.
«Гомельская праўда» надрукавала некалькі матэрыялаў, у якіх архітэктара абвінавачваюць у хлусьні, правакацыях і нават «парушэньні нацыянальнай бясьпекі»:
- «Абы ляпнуць»,
- «Будаўнічыя аб’екты Гомля пад прыцэлам інтэрнэт-правакатараў. Чаго карціць „ляпіным“?»,
- «Хто і навошта падкінуў косьці на будпляцоўку па вуліцы Сожаўскай у Гомлі?»,
- «Ляпнул раз, ляпнул два... Всё неймётся».
Гэтыя артыкулы выйшлі пасьля таго, як Сяргей Ляпін на сайце «Сильные новости» стаў крытычна выказвацца наконт рэканструкцыі вуліц у Гомелі. Ляпін таксама пісаў, што перад будоўляй на Сожаўскай вуліцы трэба правесьці археалягічнае дасьледаваньне пляцоўкі, якая можа быць часткай колішніх габрэйскіх могілак.
«Аўтар артыкулаў „Гомельскай праўды“ ў пагардлівай форме выкарыстоўвае маё прозьвішча, недапушчальна абагульняе, называе мяне правакатарам і наагул выступае ў „лепшых“ традыцыях савецкага друку, калі „ворагаў“ кляймяць ганьбаю», — сказаў Сяргей Ляпін.
Ні прадстаўнік «Гомельскай праўды» Вячаслаў Мінкоў, ні аўтар Раман Старавойтаў, не прызналі прэтэнзіяў Сяргея Ляпіна. Старавойтаў заявіў, што публікацыі ня тычацца пазоўніка.
Адказчыкі ў судзе. У цэнтры — Раман Старавойтаў
Судзьдзя Дзьмітры Дэбой задаволіў хадайніцтва пазоўніка і выклікаў экспэрта-гісторыка Яўгена Малікава на наступнае пасяджэньне 5 ліпеня.