ЗША спадзяюцца на ўзмацненьне дачыненьняў зь Беларусьсю на карысьць інтарэсаў абедзьвюх краін

Пра гэта гаворыцца ў заяве амбасады ЗША ў Беларусі ў сувязі з 25-годзьдзем беларуска-амэрыканскіх дыпляматычных дачыненьняў.

«З моманту іх усталяваньня ў 1991 годзе Злучаныя Штаты цьвёрда падтрымлівалі незалежнасьць і сувэрэнітэт Беларусі на шляху да большай дэмакратыі і дабрабыту, — гаворыцца ў заяве.

— На працягу гэтых дваццаці пяці гадоў Злучаныя Штаты і Беларусь сумесна працавалі над умацаваньнем эўрапейскай і ўсясьветнай бясьпекі. Мы віталі прынятае Беларусьсю ў 1994 годзе гістарычнае рашэньне адмовіцца ад ядзернай зброі, якое было значным унёскам у ядзернае раззбраеньне, і яшчэ раз пацьвердзілі гарантыі бясьпекі Беларусі, зафіксаваныя ў Будапэшцкім мэмарандуме ад 5 сьнежня 1994 году. У якасьці часткі Паўночнай сеткі разьмеркаваньня Беларусь садзейнічала дзеяньням ЗША і NATO ў Аўганістане. Злучаныя Штаты таксама дапамагаюць умацаваньню бясьпекі ядзерных і радыялягічных матэрыялаў у Беларусі і супрацоўнічаюць зь беларускімі ўладамі ў выяўленьні такіх матэрыялаў на межах Беларусі».

Паводле амэрыканскай дыпляматычнай місіі, з 1991 году Злучаныя Штаты выдаткавалі амаль 250 мільёнаў даляраў на падтрымку разьвіцьця дэмакратыі і эканомікі.

«Мы супрацоўнічаем з шырокім колам няўрадавых арганізацыяў, каб пашырыць іхныя магчымасьці падтрымліваць і адстойваць інтарэсы мясцовых супольнасьцяў па ўсёй Беларусі», — адзначаецца ў заяве.

За гэтыя гады тысячы беларусаў наведалі ЗША ў рамках адукацыйных і прафэсійных праграмаў абменаў. У сваю чаргу амэрыканскія экспэрты, выкладчыкі і настаўнікі прыяжджалі ў Беларусь для абмену ведамі.

Амбасада арганізавала прыезд у Беларусь мноства амэрыканскіх артыстаў і спартоўцаў для сумеснай працы зь беларусамі і выступаў перад мясцовымі аўдыторыямі. У 2015 годзе аркестар Вайскова-паветраных сілаў ЗША ў Эўропе ўзяў удзел у сьвяточным парадзе з нагоды 70-й гадавіны Перамогі ў Менску.