Пасол Польшчы: Да Новага году ўкраінцы могуць дачакацца адмены візаў у Эўразьвяз

Адмена візавага рэжыму Ўкраіны з Эўразьвязам адбудзецца да канца 2016 году, а фактычна пачне дзейнічаць у пачатку 2017 году. Такое меркаваньне выказаў сёньня пасол Польшчы ва Ўкраіне і колішні пасол у Беларусі Генрык Літвін.

«Я перакананы, што ў 2016 годзе мы пачуем канчатковае станоўчае рашэньне. А як доўга яно будзе праводзіцца ў жыцьцё практычна, сказаць цяжка», — прыводзіць яго словы ўкраінскае агенцтва УНІАН.

Сцэнар адмены візаў, лічыць пасол, ужо вядомы і ня трэба чакаць
новых перашкод. «Мы ў Польшчы заўсёды падкрэсліваем, што нам патрэбна адкрытая мяжа і трэба ўвесьці бязьвізавы рэжым з Украінай. Мы ведаем вельмі добра, што тут ніякіх пагроз няма, і гэта будзе карысным для абодвух бакоў — і для эўрапейскага, і для ўкраінскага», — падкрэсьліў пасол.

Пры гэтым Літвін пацьвердзіў, што адмена закране толькі турыстычныя шэнгенскія візы, а ўсе астатнія візы, зьвязаныя з дазволам працаваць, з культурным або дзелавым абменам, застаюцца.

18 снежня мінулага году Эўракамісія рэкамендавала Радзе ЭЗ тэрмінова разгледзець магчымасьць увядзеньня бязвізавага рэжыму з
Грузіяй, Украінай і Косавам. Былі апублікаваныя і справаздачы аб выкананьні гэтымі краінамі ўмоў бязвізавага рэжыму. Аднак дакумэнт па Ўкраіне ўключаў таксама абавязаньні Кіева па барацьбе з карупцыяй, якія яшчэ трэба будзе выканаць у першым квартале 2016 году, перш чым Эўразьвяз працягне абмеркаваньне бязьвізавага рэжыму.