Міністэрства фінансаў Расеі пералічыла варыянты разьвіцьця расейскай эканомікі да 2030 году, паведамляюць «Ведомости».
Кансэрватыўны варыянт прагнозу прадугледжвае, што цэны на нафту намінальна будуць расьці прыблізна на 1$ за барэль на год, у рэальным выражэньні застануцца на ўзроўні $40 за барэль. У такіх умовах без рэформаў расейская эканоміка мае расьці на 1-1,3% на год, агулам да 2030 году вырасьце на 13% — так жа, як вырасла за 2011-2013 гады. Зарплаты вернуцца на ўзровень 2014 году толькі ў 2025-м (за 2015-2016 гады ўпалі на 13%).
Такі сцэнар называюць не асноўным, інэрцыйным. Па словах прадстаўніка Мінфіну, ёсьць іншыя сцэнары, дзе ўлічваецца рэалізацыя належных рэформаў. Мэтавы сцэнар задае выхад на тэмпы росту эканомікі ў 2-3% на год ці на 44% да 2030 году. Але для такіх рэчаў, тлумачаць газэце эканамічныя экспэрты, патрэбныя структурныя зьмены ў эканоміцы, падвышэньне прадукцыйнасьці працы, хутчэйшае за падвышэньне зарплат, укладаньні ў перанавучаньне супрацоўнікаў, «крайне балючыя» рэформы і масавае звальненьне супрацоўнікаў дзяржсэктару.
Папярэдні прагноз, зацьверджаны ў 2013 годзе, прадугледжваў цэны на нафту ў сярэднім за 2013-2030 гады каля $124 за барэль. У такіх умовах расейская эканоміка мела расьці ў сярэднім на 2,5% (пры ўсясьветных 3-3,5%) без рэформаў, а пры актыўных рэформах і росьце інвэстыцыяў — на 5-7% на год.