Паміж Польшчаю і Расеяй разгараецца транспартны канфлікт

  • Тэлеканал Белсат
Зь сёньняшняга дня скончыліся ўзаемныя пагадненьні паміж краінамі на ўезд цяжкавых аўтамабіляў.

Новых пакуль не падпісалі, што ставіць пад пагрозу ўсе грузавыя перавозкі паміж краінамі. Колькі можа каштаваць вайна грузаў і што страціць ад яе Беларусь?

Мяжа Польшчы і Расеі, каля Калінінградзкай вобласьці. Гэтак спакойна тут не было ўжо даўно — нулявы рух, адсутнасьць правяраньняў і амаль ніводнага грузавога аўтамабіля.

Сёньня выключная сытуацыя, бо нічога ня едзе. Але раней да першага лютага грузавыя аўтамабілі праяжджалі мяжу ў абодвух кірунках. Панікі не было, кіроўцы толькі пыталіся, ці змогуць яны вярнуцца, калі пасьпеюць выехаць перад поўначчу.

Акурат апоўначы скончыўся тэрмін дзеяньня дазволаў на ўезд у Расею для польскіх міжнародных перавозчыкаў. І — адпаведна — для расейскіх у Польшчу. Ранейшыя перамовы вынікаў не прынесьлі. Расейскі бок цьвердзіць, што ў Польшчы незадаволеныя, бо Масква хоча перакрыць доступ да незаконных схемаў. Варшава кажа, што зьмены ў расейскім заканадаўстве скіраваныя супраць замежных перавозчыкаў — перадусім польскіх. І супярэчаць міжнароднаму праву.

«У лютым урад Расеі прыняў новы закон, які датычыць кантролю міжнароднага транспарту. Як кажуць адмыслоўцы, гэта можа скараціць нават да 15 адсоткаў абʼём польскага транспарту. Гэта таксама і скарачэньне экспарту польскіх тавараў у Расею. Можна сказаць, што гэта новы від санкцыяў, якія Расея ўводзіць супраць Польшчы».

Страты адчуюць і беларусы: асноўная частка ўсіх грузаў ідзе праз тэрыторыю нашай краіны. Пры зачыненых межах беларусы ня будуць мець прыбыткаў, якія дагэтуль атрымлівалі ад транзыту празь Беларусь.

Сяргей Штода, лідэр беларускіх перавозчыкаў

«Беларусам для перавозак сваіх грузаў у і з трэціх краінаў у Расею патрэбныя дазволы трох відаў. Расейцам ніякіх дазволаў для перасячэньня нашай краіны ўвогуле ня трэба ад нас. Яны зрабілі гэта для таго, каб сваім транспартам забіраць свой груз з той жа Нямеччыны. Каб не палякі вазілі ці беларусы — паехаў у Польшчу і забраў груз, а каб яны самі вазілі сваім транспартам. Ідзе абарона сваіх перавозчыкаў».

Летась такіх дазволаў выдалі каля 250 тысяч, але Расея скарачае іх колькасьць ня першы год. І гэта ставіць пад пагрозу і бізнэс польскіх перавозчыкаў, і грузавы транспарт зь іншых краінаў.

Калі новых пагадненьняў не падпішуць, польскія фуры мусяць выехаць з Расеі да сярэдзіны лютага. Адмыслоўцы ж падлічваюць імаверныя страты: для абедзьвюх краінаў яны складуць сотні мільёнаў даляраў.

Ганна Любакова, «Белсат»