Прэміі былі ўручаныя ў трох намінацыях: «Праваабаронца году», «Асоба», «Абарона правоў чалавека». Іх атрымалі: юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч, грамадзкі актывіст Валеры Шчукін, журналіст «Эўрарадыё» Зьміцер Лукашук.
Валеры Шчукін (зьлева) і Алесь Бяляцкі
Цырымонію ўзнагароджаньня правяла праваабаронца Людміла Гразнова, якая паведаміла, што сёлета найлепшых абіралі прадстаўнікі дзевяці праваабарончых арганізацыяў. Ганаровыя дыплёмы і бел-чырвона-белыя кветкі пераможцам уручалі атрымальнікі прэміі мінулых гадоў: праваабаронцы Алесь Бяляцкі і Людміла Гразнова, Любоў Кавалёва, а таксама журналістка Алена Панкратава.
Зьміцер Лукашук
Як адзначылі заснавальнікі прэміі, дзяржава не шануе правы чалавека і не ўзнагароджвае іх абаронцаў. Таму гэта мусяць рабіць самі праваабаронцы, каб ушанаваць людзей, якія мужна і самааддана змагаюцца за роўныя правы для ўсіх людзей.
Валянцін Стэфановіч
Праваабарончая прэмія заснаваная ў 2008 годзе і ўручаецца ў зьвязку зь Міжнародным днём правоў чалавека 10 сьнежня. Да 2009 году яна называлася прэміяй «Праваабарончага альянсу», цяпер мае назву — Праваабарончая прэмія. У 2010 годзе яе пераможцы не вызначаліся.
Двойчы Праваабарончую прэмію атрымоўвалі журналісты Радыё Свабода: у 2009 годзе Алег Грузьдзіловіч, а ў 2014 Алена Панкратава.