Чаму Беларусь не падтрымлівае Расею ў рэгіянальных крызісах, ініцыяваных Масквою?

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін

Сваё меркаваньне на гэты конт Свабодзе выказалі два менскія экспэрты — праўладны і незалежны.

Экспэрты лічаць, што адносна лякальных крызісаў, у якія апошнім часам уцягваецца Расея (украінска-расейскі канфлікт, сырыйская вайна, расейска-турэцкі крызіс і г.д.), Беларусь пасьлядоўна займае стрыманую пазыцыю.

Дырэктар Інстытуту палітычных дасьледаваньняў «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч лічыць, што ў сваім стаўленьні да рэгіянальных крызісаў, у якія ўцягнута апошнім часам Расея, беларускія ўлады выкарыстоўваюць стратэгію, якую абралі яшчэ 1,5–2 гады таму.

Андрэй Казакевіч

«Яна падобная да той зьнешнепалітычнай стратэгіі, якую абралі іншыя партнэры Расеі — у прыватнасьці, Казахстан. Гэта калі падтрымка, то вельмі стрыманая. Калі мы кажам увогуле пра канкрэтныя дзеяньні, то гэта такое жаданьне пазьбегнуць нейкага ўцягваньня ва ўсе гэтыя працэсы. Бо гэта прыватныя ініцыятывы Расеі, гэта ініцыятывы, якія не ўзгадняюцца зь беларускім бокам, — беларускі бок тут не выступае нейкім партнэрам. Ну, і, адпаведна, усе захады накіраваныя на тое, каб мінімізаваць усе рызыкі, магчымыя нэгатыўныя наступствы, альбо на тое, каб гэтую сытуацыю выкарыстоўваць для павялічэньня зьнешнепалітычнага патэнцыялу Беларусі — напрыклад, праз навязваньне пазыцыі пасярэдніка і некаторыя іншыя мэханізмы», — кажа палітоляг у інтэрвію Свабодзе.

На думку Казакевіча, цяжка зразумець, чаго гэтыя крызісы прыносяць афіцыйнаму Менску больш: шкоды ці карысьці?

«Беларусь вельмі моцна зьвязаная з Расеяй у эканамічным і палітычным пляне, таму чым у больш складаную сытуацыю трапляе Расея, тым больш эканамічных і палітычных рызыкаў зьяўляецца і для Беларусі. Але гэта ўраўнаважваецца тым, што Беларусь можа выкарыстоўваць сябе ў якасьці такой незалежнай пляцоўкі. Калі мы возьмем той жа канфлікт з Турэччынай, то ўжо абмяркоўваецца пытаньне, што тая прадукцыя, якая ня пойдзе наўпрост у Расею, пойдзе празь Беларусь альбо Казахстан. Зноў жа, тыя фірмы, якія зараз ня змогуць працаваць праз Расею, будуць рэгістравацца ў Менску і дзейнічаць ускосна. Тут будзе спроба нейкім чынам выкарыстоўваць і гэты крызіс расейска-турэцкіх адносінаў дзеля нейкіх выгадаў для беларускага боку. Чаго тут больш, а чаго менш — неяк складана цяпер ацаніць. Мне падаецца, што калі казаць пра кароткатэрміновыя рэчы, то можа быць і пэўная карысьць, у тым ліку і фінансавая. Але ў доўгатэрміновым пляне, напэўна, не, бо ўсе такія захады Расеі прывядуць да аслабленьня яе зьнешнепалітычных пазыцыяў, пагаршэньня эканамічнай сытуацыі, і, канечне, у доўгатэрміновай пэрспэктыве гэта будзе мець нэгатыўныя наступствы для беларускіх уладаў», — адзначыў экспэрт.

Кіраўнік праўладнага аналітычнага цэнтру «EcooM» Сяргей Мусіенка ў інтэрвію Радыё Свабода заявіў, што Беларусі ня трэба аказваць безумоўную падтрымку Расеі ў лякальных канфліктах, у якія яна ўвязваецца:

Сяргей Мусіенка

«Безумоўнай падтрымкі, на мой погляд, не павінна быць ніколі ў такіх пытаньнях. Той жа ўкраінскі крызіс паказаў, што іншая наша пазыцыя, у прынцыпе, задаволіла і Расейскую Фэдэрацыю, і Нямеччыну, і Францыю, і Ўкраіну. Наша ўзважаная пазыцыя, тое, што мы змаглі прапанаваць перамоўную пляцоўку, — гэта было каштоўна для ўсіх партнэраў. Тое ж самае і ў іншых аспэктах узаемадзеяньня. Гэтыя магчымасьці трэба захоўваць і разьвіваць. Цалкам магчыма, што мы б маглі стаць пляцоўкай для ўрэгуляваньня і нейкіх іншых праблемаў — напрыклад, ізраільска-палестынскія адносіны, таму што тут мы нэўтральныя. І ў гэтым наша сіла», — адзначыў ён.