«Артыкул пра дзейнасьць ад імя незарэгістраваных арганізацыяў ня проста перашкода, а пагроза пазбыцца свабоды»

Падказкі на Форуме як стаць актыўным грамадзянінам.

У Магілёве прайшоў Форум няўрадавых арганізацыяў. Яго дзельнікі хвілінай маўчаньня згадалі ахвяраў тэрарыстах актаў у Парыжы.

Больш за сотню грамадзкіх актывістаў сабраліся на Форум, каб абмеркаваць праблемы, падзяліцца дасягненьнямі ды вызначыць пэрспэктывы сваёй дзейнасьці. Апошні раз такі сход прадстаўнікі супольнасьці няўрадавых арганізацыяў Магілёўшчыны праводзілі шэсьць год таму. Форум прайшоў у грамадзкім цэнтры «Кола».

Віталь Васількоў

Адзін з арганізатараў Форуму Віталь Васількоў адзначае: за час ад апошняга такога сходу нямала грамадзкіх арганізацыяў згубілі статус зарэгістраваных, але працягваюць дзейнічаць, нягледзячы на неспрыяльныя прававыя ўмовы. Паводле актывіста ў глыбінцы стала дзеюць актыўныя грамадзкія асяродкі, якім таксама ня проста выжываць.

«Сёньня тут сабраліся прадстаўнікі розных грамадзкіх плыняў і палітычных прыхільнасьцяў — яны надзея на тое, што ў рэгіёне ня ўсё яшчэ загібела. На форуме паспрабуем адрадзіць зьніклыя сувязі паміж людзьмі і арганізацыямі, вызначыцца з пэрспэктывамі», кажа пра мэты Форуму Віталь Васількоў.

«На жаль у нашай краіне не існуе спрыяльных умоваў для разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці, — адзначае актывіст. — Грамадзкія арганізацыі, якія ня дзеюць у рэчышчы афіцыйнай дзяржаўнай палітыкі, лічацца апазыцыйнымі. Грамадзкаактыўныя людзі патрапілі у своеасаблівую рэзэрвацыю і пазбаўленыя магчымасьці адкрытай працы зь людзьмі».

Ад імя партыі БНФ і руху «БНФ «Адраджэньне» прамаўляе Рыгор Кастусёў

«Да сёньня існуе сумнавядомы крымінальны артыкул пра дзейнасьць ад імя незарэгістраваных арганізацыяў. Гэта ня проста перашкода, а пагроза пазбыцца свабоды. Ужо неаднойчы грамадзянская супольнасьць зьвярталіся да ўладаў, каб быў скасаваны гэты артыкул, але пакуль безвынікова. Нямала арганізацыяў прызвычаіліся працаваць і ў такіх умовах і прыносіць карысьць людзям», заключае Віталь Васількоў.

Удзельнікі Форуму разьбіліся на профільныя сэкцыі, каб абмеркаваць сваё надзённае. У групах актывісты працавалі больш за гадзіну. Абмяркоўвалі ўзаемадзеяньне з сродкамі масавай інфармацыі, з палітычнымі партыямі, уладаю. Пагаварылі пра стан моладзевых арганізацыяў. Адбыліся прэзэнтацыі шэрагу праектаў Таварыства беларускай мовы, моўных курсаў «Мова Нанова», прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці.

Некаторыя з удзельнікаў Форуму пра свой грамадзкі клопат расказалі Свабодзе.

Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў зь Бялыніч Барыс Вырвіч зьвярнуў увагу на зьнікненьні разгалінаванай сеткі маланакладнай прэсы. Паводле яго, ня так даўно газэты з накладам да 300 асобнікаў выходзілі ў большасьці раёнаў Магілёўшчыны. У іх была свая чытацкая аўдыторыя, аўтары. Цяпер жа выходзяць толькі дзьве газэткі.

Адным з магчымых шляхоў выхаду з заняпаду магла б стаць падтрымка газэт і вэб-сайтаў няўрадавымі арганізацыямі

«Сыходзяць і стамляюцца людзі, якія рэдагуюць такія газэты. Не стае фінансаваньня. Складаная сытуацыя з сайтамі. Толькі адзінкі цяпер абнаўляюцца. Адным з магчымых шляхоў выхаду з заняпаду магла б стаць падтрымка газэт і вэб-сайтаў няўрадавымі арганізацыямі», выказвае меркаваньне Барыс Вырвіч.

«Са свайго досьведу я ведаю, — дадае ён, — што вакол маленькай газэткі, ці інтэрнэт-сайта гуртуецца актыўныя людзі. І як толькі такі цэнтар актыўнасьці зьнікае і дзейнасьць таксама зьнікае».

Зінаіда Мілешчанка

Праваабарончай дзейнасьцю займаецца ў райцэнтры Круглае Зінаіда Мілешчанка. Чалавек у мястэчку яна вядомы. Была дэпутатам райсавету. Да яе зьвяртаюцца мясцовыя жыхары па дапамогу, калі яе не знаходзяць у чыноўнікаў:

«Праблема ў тым, што многія людзі, якія прыходзяць па дапамогу, не даводзяць сваіх спраў да канца. Проста баяцца ўгнявіць чыноўніка, ці наагул дзяржаву. Чалавека прыціскаюць, (не мяне, а яго) і ён адступае. У мяне з уладаю канфрантацыя і не таму, што я гэтага прагну, такая прырода цяперашняй улады. Чыноўнікі баяцца свайго начальства, калі раптам мне пойдуць насустрач. Некаторыя, праўда, калі дапамагчы ня могуць раяць людзям, каб ішлі да мяне. Так і кажуць: «Ідзіце да Мілешчанкі», даводзіць актывістка з Круглага.

Дзяніс Васількоў

Апошнія некалькі гадоў у Магілёве дзеіць суполка «Цэнтар гарадзкіх ініцыятываў». Многія лічаць, што яна прыкладам пасьпяховай грамадзкай дзейнасьці. Праведзены летась «Дранік-фэст» стаўся падзеяй году. Суполкаўцы не цураюцца супрацоўнічаць з уладаю, хаця, як кажа сябра арганізацыі Дзяніс Васількоў, бываюць у гэтым складанасьці.

«З прадстаўнікамі ўлады даводзіцца шчыльна працаваць. Пераконваць іх, што тое, ці іншае мерапрыемства дасьць карысьць людзям. Калі нехта перашкаджае нешта рабіць, то гэта, пагатоў, трэба рабіць. Нават з самым рэакцыйным чыноўнікам варта працаваць. Калі ён ня хоча працаваць у яго ж таксама ёсьць начальнік. Мы імкнёмся сваімі праектамі зрабіць горад для магілёўцаў. Горад жа гэта мы», зазначае Дзяніс Васількоў.

Надзея Салаўёва

Пра грамадзкую працу на пэрспэктыву, кажа адна з заснавальніц жаночага клюбу «Пралеска» Надзея Салаўёва. Прыярытэт дзейнасьці суполкі — гендэрная роўнасьць. Спроба наладзіць супрацоўніцтва ў гэтай сфэры з уладамі пакуль не дала плёну, прызнаецца актывістка. Паводле яе клюб «ня ўпісваецца ў фармат супрацы з ўладаю».

«Чыноўнікі нам давялі, што ў іх ёсьць арганізацыі зь якімі яны доўга ўжо супрацоўнічаюць паводле гэтак званай сацыяльнай замовы і мы ім не патрэбныя», даводзіць суразмоўніца.

«Таму мы засяродзіліся на гендарнай асьвеце ды адукацыі. Лічым, што гэта дужа пэрспэктыўная праца. Нават ААН рэкамэндуе Беларусі прыняць адпаведны закон. Казаць жа, што беларускае грамадзтва прыняло каштоўнасьці гендарнай роўнасьці пакуль не выпадае. Мы не выключаем, тым ня менш, што ў бліжэйшай пэрспэктыве могуць зьявіцца факультатывы па гендарнай роўнасьці ў школах для старэйшых школьнікаў, ці студэнтаў унівэрсытэтаў. Нашы назапашаныя веды ды навыкі будуць запатрабаваныя. У гэтым мы ўпэўненыя», кажа Надзя Салаўёва.

На рэгіянальны Форум няўрадавых арганізацыяў наведаліся госьці зь Менску. Зь вітальнымі словамі выступілі праваабаронца Алег Гулак, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец. Ад імя партыі БНФ і руху «БНФ «Адраджэньне» прамаўляў Рыгор Кастусёў. Вітаў Форум і лідэр руху «За свабоду» Алесь Мілінкевіч. Ён адзін з тых хто закладаў падмуркі для грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі:

Аляксандар Мілінкевіч

«Цяпер для грамадзянскай супольнасьці ня дужа просты пэрыяд. Пасьля таго, як столькі людзей прайшло праз турмы, актывісты пазбыліся працы, згубілі месцы ва ўнівэрсытэтах, асабліва ў рэгіёнах, адбыўся заняпад грамадзкай актыўнасьці», кажа Аляксандар Мілінкевіч.

«Я праехаў па Беларусі і ўбачыў, што ёсьць цікавыя ініцыятывы. Збольшага яны спрабуюць быць дэпалітызаванымі і ня трэба іх за гэта папракаць, бо гэта іхны спосаб рабіць сваю справу. Цяпер надышоў той момант, калі грамадзянская супольнасьць мусіць узяць адказнасьць за наш далейшы рух да Беларусі і Эўропы. Менавіта грамадзкія арганізацыі спрабуюць перамагчы страх і абудзіць людзей. Я веру, што дзякуючы грамадзкім арганізацыям Беларусь стане дэмакратычнай і ўсё больш беларускай», зазначыў Свабодзе лідэр руху «За свабоду».

Завяршыўся Форум падвядзеньнем вынікаў працы ў сэкцыях. Удзельнікі заклікалі адзін аднаго трымацца разам і быць салідарнымі. На думку многіх удзельнікаў падобныя сходы мусяць адбывацца часьцей, бо яны стымулююць грамадзкую актыўнасьць. Актывісты бачаць, што яны не адны.