На пачатку вядомыя беларускія літаратары зь Менску, Гомеля, Веткі разам з землякамі паэта наведалі вясковыя могілкі ў Гарошкаве, дзе Анатоль Сыс пахаваны побач з бацькамі — Марыяй Іванаўнай і Ціханам Цярэнцьевічам. Да помніка творцы ўсклалі жывыя кветкі.
Па дарозе да магілы Анатоля Сыса, на першым пляне - Барыс Пятровіч і Алесь Пашкевіч
Кветкі да помніка Анатоля Сыса
Адкрываючы сьвята паэзіі, старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч сказаў:
«Кожны раз, калі бываю тут, у Гарошкаве, з удзячнасьцю згадваю прашчураў, продкаў, гарошкаўцаў, якія зрабілі могілкі на такім цудоўным месцы над дняпроўскай стромай. Анатоль хацеў сюды вярнуцца, яму тут добра сярод сваіх родных, сяброў і блізкіх, якіх ён любіў і з удзячнасьцю прысьвячаў свае вершы:
Я чую сум ваш на зямлі,
Вы не судзіце свайго сына строга.
Мяне анёлы за руку ўзялі
І, як дзіця, вядуць да Пана Бога».
Сын паэта Ціхан
Каля помніка Анатолю Сысу ў Гарошкаве
Сьвятара сёлета на могілкі не запрашалі. Затое пад залацістымі восеньскімі бярозамі гучала старажытная дуда ва ўмелых руках Яўгена Барышнікава. Музыку дуды Анатоль Сыс вельмі любіў.
Гучыць дуда
З могілак сьвята паэзіі перабіралася звычайна на падворак роднай хаты паэта ў цэнтры Гарошкава. Але сёлета гэта маршрут быў упершыню зьменены. Сьвята перамясьцілася ў Засьпеньскі сельскі дом культуры. Раней улады не дазвалялі рабіць падобныя імпрэзы ні ў школе, дзе вучыўся Анатоль, ні ў мясцовых культасьветустановах.
На могілках у Гарошкаве
Пакланіцца паэту ў Гарошкаў прыяжджалі зь дзецьмі
«Амаль кожны раз, калі мы прыяжджалі ў Гарошкаў, было холадна, дождж, часам і сьнег. На падворку было ня дужа ўтульна, асабліва тым, хто прыяжджаў, каб пасьпяваць песьні на вершы Анатоля. Гэтым разам мы зьвярнуліся да старшыні Засьпеньскага сельскага савета, і ён ласкава дазволіў правесьці сьвята ў Доме культуры. Я думаю, што гэта лепей — цяплей і ўтульней. Мяркую, што на сьвята прыйдзе і больш землякоў, якія ведаюць і памятаюць паэта», — патлумачыў Барыс Пятровіч.
Старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч
Заўсёднікі сьвята паэзіі ў Гарошкаве - Ларыса Раманава, Генадзь Лапацін, Міхась Скобла
Анатоль пахаваны поруч з бацькам - Ціханам Сысом
Адноўлены помнік маці паэта - Марыі Сыс