Амбасадар Літвы ў Беларусі: Мы зацікаўленыя ў дэмакратычных выбарах

  • Тэлеканал Белсат

Поўная вэрсія інтэрвію з Эвалдасам Ігнатавічусам. Кіраўнік літоўскай дыпляматычнай місіі распавёў «Белсату» пра хаду візавых перамоваў, чаканьні ад блізкіх выбараў, сытуацыю з палітвязьнямі, а таксама пра зьніжэньне тавараабароту паміж краінамі.

У прыватнасьці, сп. Ігнатавічус падкрэсьліў, што пытаньне палітвязьняў пастаянна дыскутуецца зь беларускімі ўладамі:

«Ёсьць спадзеў, што гэтае пытаньне вырашыцца ў бліжэйшай будучыні. Але я бы ня зьвязваў гэта з канкрэтнымі падзеямі, такімі як выбары. Жаданьне і наша, і прадстаўнікоў Эўракамісіі, каб гэтае пытаньне вырашылася як мага хутчэй. Аднак калі будуць прынятыя рашэньні – пакуль невядома».

На думку амбасадара, далейшае разьвіцьцё стасункаў краінаў ЭЗ і Беларусі залежаць ад характару правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў:

«З камэнтароў, якія мы чулі, ствараецца ўражаньне, што ёсьць узаемапаразуменьне. Прадстаўнікі АБСЭ выказалі свае пажаданьні – гэта пытаньні назіральнікаў, складу выбарных камісіяў, доступу кандыдатаў да СМІ. Літва будзе дзейнічаць у гэтым кантэксьце, дашле сваіх назіральнікаў, калі будуць умовы і будзе прынятае рашэньне. Мы як суседняя дзяржава зацікаўленыя ў тым, каб выбары прайшлі дэмакратычна, празрыста, каб ня склалася такая сытуацыя, калі стасункі зь міжнароднымі арганізацыямі адкідваюцца назад, каб быў крок наперад».