Лёзунгі савецкіх часоў былі на чале тэатральнага шэсьця. Імі патрабавалі аддаць уладу Саветам, віталі рэвалюцыю ды славілі перамогу. За імі крочылі прадстаўнікі калектываў найбольш пасьпяховых прадпрыемстваў гораду, а таксама шыхты са сьцягамі краінаў, у якіх ёсьць гарады-пабрацімы, ці партнэры Магілёва. Сярод сьцягоў быў і амэрыканкі. Завяршалі шэсьце сланы з цырку, які днямі прыехаў на гастролі ў горад.
Паглядзець на шэсьце ўздоўж галоўнай гарадзкой магістралі Першамайскай сабралася нямала народу. Багата прыйшло зь дзецьмі.
Сьвята нацыянальных культур традыцыйна арганізавалі на пешаходнай вуліцы Ленінскай. Усе дыяспары назвы свайго падвор’я дублявалі на сваёй мове, альбо, як украінцы, на ўкраінскай запрашалі да сябе ў госьці. Беларусы ж свой падворак абазначылі на расейскай мове.
«У нас дзьве дзяржаўныя мовы, таму напісалі па-расейску. Акрамя таго, каб нашы замежныя госьці зразумелі, куды яны патрапілі», — растлумачылі выбар мовы ў беларускім падвор’і.
Беларусы частавалі гасьцей караваем з сольлю, гатаванай у печы бульбай, гурочкамі, (каб вяліся сынкі і дочкі), а таксама кілбасамі, катлетамі ды канапкамі з салам. На стале была выкладзена і зеляніна. Сьпіртнога не было. Усім гэтым частаваліся службоўцы з гарвыканкаму ды аблвыканкаму, а таксама прадстаўнікі замежных дэлегацыяў, якія прыехалі на сьвята гораду. Замежнікі з асалодаю елі дранікі ды запівалі іх квасам.
Па суседзтве зь беларусамі разьмясьціліся ўкраінцы — актывісты нацыянальнага аб’яднаньня «Дніпро». Яны, як і беларусы, віталі гараджанаў сваімі песьнямі. Акрамя багатага на стравы стала побач са сцэнай на яшчэ адзін стол яны выклалі кніжкі пра Ўкраіну, у тым ліку дапаможнік для тых, хто наважыцца вывучаць украінскую мову.
Старшыня Магілёўскага гарвыканкаму Ўладзімер Цумараў зь немалой грамадой чыноўнікаў і замежнікаў пакаштаваў украінскай ежы ды выпіў таматнага соку. Па-расейску сказаў: «спасибо» і «поздравляю». На сьвята Цумараў прыйшоў у саматканай кашулі зь беларускім арнамэнтам.
Азэрбайджанцы сабралі немалую грамаду гараджанаў на сваім падворку. Зьяўленьне чыноўнікаў ажывіла і без таго гаманкую і вясёлую ад песень тутэйшую кампанію. Былы старшыня гарвыканкаму Віктар Шорыкаў упадабаў картуз, які быў на галаве ў кіраўніка нацыянальнага аб’яднаньня азэрбайджанцаў Магілёва «Азэры» Ільяса Ільясава. Пасьля абмену жартамі галаўны ўбор падарылі былому чыноўніку.
Прайсьці вуліцай Ленінскай на сьвеце нацыянальных культур было няпроста — штурханіна ды цяснота. Выстаўленыя павільёны харчовых арганізацыяй з абавязковымі столікамі для тых хто выпіваў і закусваў стваралі нямала перашкодаў.
Расейскае падвор’е разьмясьці побач з польскім. Артысты кожнай з дыяспараў заглушалі адзін аднаго гукам з дынамікаў. Грузінам было лягчэй. Ніхто, акрамя іх, па суседзтву не сьпяваў і ня танчыў. Над сцэнаю лунаў сьцяг зь «незарэгістраванай» ў цяперашняй Беларусі камбінацыяй колераў — бел-чырвона-белай.
Габрэі частавалі сваіх гасьцей мацой. Для грамады сьпявалі свае песьні. Асаблівага шалу весялосьці не было, бо субота.
Армяне з сваім сьцягам над сцэнаю сьвяткавалі сьціпла, але і гэтага было даволі, каб сабраць каля сябе нямала магілёўцаў.
Дзень гораду адзначаюць у гадавіну вызваленьня яго ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — 28 чэрвеня.
Лёзунгі: Усю ўладу Саветам ды вітаем рэвалюцыю – на чале тэатральнага шэсьця
“Ура перамога”, але год пазначаны: “1941”
Калёна аднаго з пасьпяховых прадпрыемстваў гораду
Калёна сьцяганосцаў
У калёне і сьцяг ЗША
Сланоў рыхтуюць да шэсьця
Беларускае падвор’е па-расейску, каб ня крыўдзіць гасьцей
Стол беларусаў
Замежнікі ласуюцца беларускімі дранікамі
Старшыня Магілёўскага гарвыканкаму ля ўкраінскага стала. П’е таматны сок
Украінцы віталі песьнямі
Былому кіраўніку гарадзкой вэртыкалі Віктару Шорыкаву ў падарунак азэрбайджанскі картуз
Расейскае падвор’е
Польскае побач
Грузінскае падвор’е зь бел-чырвона-белым сьцягам
Стол грузінаў выкшталцона сэрвіраваны для гасьцей – чыноўнікаў і замежнікаў
Падвор’е магілёўскіх габрэяў
Пачастунак для гараджанаў – маца
Магілёўскія армяне на сваім падворку