Менск наракае на «непаваротлівасьць амэрыканскай бюракратычнай машыны»

Менск, Міністэрства замежных справаў

Камэнтуючы падаўжэньне санкцыяў супраць беларускіх уладаў, МЗС Беларусі адмовіўся ад крытыкі рашэньня прэзыдэнта ЗША Барака Абамы.

Прэс-сакратар МЗС Дзьмітры Мірончык зьвярнуў увагу, што ў рашэньні прэзыдэнта ЗША не зьмяшчаецца нічога новага.

«Тэкст цяперашняга выканаўчага загаду цалкам супадае з тэкстам рашэньня 2014 году. Гэта сьведчыць пра непаваротлівасьць амэрыканскай бюракратычнай машыны, яе слабую ўспрымальнасьць да таго, што адбываецца ў сьвеце, у тым ліку ў нашым рэгіёне. У сувязі з гэтым няма ніякага сэнсу выступаць з крытыкай дадзенага рашэньня прэзыдэнта ЗША», — цытуе БелаПАН прэс-сакратара МЗС.

Па словах Мірончыка, апошнім часам назіралася «пэўнае паляпшэньне беларуска-амэрыканскіх адносінаў». Тым ня менш, сказаў ён, «рознагалосьсі, у тым ліку прынцыповага характару, захоўваюцца». «Разыходжаньні ў ацэнках, меркаваньнях і падыходах будуць і надалей. Аднак вызначацца нашы адносіны павінны ня столькі рознагалосьсямі, колькі агульнымі інтарэсамі і адказнымі дзеяньнямі ў галіне глябальнай і рэгіянальнай бясьпекі і па іншых актуальных пытаньнях міжнароднага парадку дня», — падкрэсьліў ён.

Кіраўнік праўладнага аналітычнага цэнтру «EcooM» Сяргей Мусіенка ў інтэрвію Радыё Свабода таксама зрабіў акцэнт на «непаваротлівасьці» зьнешняй палітыкі ЗША.

«Палітыка ЗША — непасьлядоўная, дваістая, нясталая, і да гэтага ўжо, напэўна, увесь сьвет прывык. Яны больш за 50 гадоў ужывалі санкцыі супраць Кубы, і хоць увесь сьвет даўно разумеў, што гэта не дае ніякага плёну, ЗША толькі цяпер пайшлі на нейкае збліжэньне. А з намі, я думаю, нейкія такія традыцыі згулялі. Абуральна не само падаўжэньне санкцыяў, а тая фармулёўка, зь якой гэтае падаўжэньне было ажыцьцёўлена: маўляў, некаторыя дзеячы ўраду ствараюць праблемы для дзяржаўнай бясьпекі ЗША. Тут патрэбныя або пэўныя абвінавачаньні і канкрэтныя доказы, або фармулёўку трэба здымаць — яна не ўпрыгожвае Злучаныя Штаты Амэрыкі», — кажа экспэрт.

Але пры гэтым Мусіенка лічыць, што падаўжэньне санкцыяў не перакрэсьлівае тыя пазытыўныя тэндэнцыі ў беларуска-амэрыканскіх адносінах, пра якія шмат гаварылася апошнім часам.

«Я думаю, вялікі авіяносец ЗША, нагружаны ракетамі, не пасьпявае перабудавацца, і нейкія новыя сёньняшнія плыні не адбіваюцца так хутка ў рэальнасьці, на жаль. Жыцьцё ідзе далей, і нават у саміх ЗША зьяўляецца разуменьне, што падобнае падаўжэньне санкцыяў — гэта анахранізм. Тут, я думаю, таксама наклалася сытуацыя і па Расейскай Фэдэрацыі: здымаць санкцыі супраць Беларусі і рабіць больш жорсткімі санкцыі супраць Расеі — падобнае разьвіцьцё падзеяў, напэўна, проста ня ўкладвалася ў галаве палітычнага істэблішмэнту ЗША», — сказаў ён.