Нарвэскія і канадзкія авіялініі тэрмінова забаранілі пілётам пакідаць аднаго лётчыка ў кабіне падчас палёту. Гэтак кіраўніцтва авіякампаніяў адрэагавала на зьвесткі, што крушэньне ў Альпах самалёта нямецкай авіякампаніі Germanwings адбылося зь віны другога пілёта, які зачыніўся ў кабіне і сьвядома накіраваў самалёт у горны схіл. Ці дазволена беларускім лётчыкам пакідаць аднаго пілёта ў кабіне пасажырскага самалёта падчас палёту?
Начальнік управы дзяржаўнай інспэкцыі бясьпекі палётаў і авіяцыйнай бясьпекі Дэпартамэнту авіяцыі Юры Касьцюкевіч даў на гэтае пытаньне станоўчы адказ.
«У нас гэта дазволена. Справа ў тым, што палёты працягваюцца па 3, 4 і болей гадзінаў, а ўсе людзі: туалету ў кабіне няма».
Карэспандэнт: «А колькі чалавек знаходзяцца ў кабінах самалётаў беларускіх авіялініяў?
«У нас на ўсіх самалётах замежнай вытворчасьці ў кабіне толькі па два пілёты, там больш няма месцаў. На самалётах айчыннай вытворчасьці — больш. На „Ту-154“ — чатыры чалавекі, „Іл-76“ — 5 чалавек, „Ан-26“ — 4 чалавекі. То бок для нашых самалётаў гэта не крытычна, а для замежных — так, ёсьць такая праблема».
Ці трэба і ў Беларусі забараніць пакідаць пілёта ў кабіне аднаго? «Гэта варта ўвагі і абмеркаваньня», — сказаў Юры Касьцюкевіч і падкрэсьліў, што выказвае асабістую думку. Адмысловец лічыць, што ўвядзеньне такога правіла не запатрабуе дадатковых выдаткаў, але паводзіны і паўнамоцтвы запрошанага ў кабіну сябра экіпажу трэба ўсебакова абдумаць.
«Калі гаворка пра павелічэньне складу экіпажаў, то на гэта ніхто ня пойдзе. Проста можна было б абавязаць на гэты час прысутнічаць у кабіне аднаго з бортправаднікоў. Але, зь іншага боку, ну што гэта дасьць? Бортправаднік — не пілёт, ён нічога ня ведае, як кіраваць самалётам. Лётчык націскае на любую кнопку — з самалётам нешта адбываецца, а бортправаднік — нуль. Але вось дзьверы ён можа не дазволіць зачыніць, і гэта сапраўды важна».
Паводле нямецкага выданьня Bild, пілёт Андрэас Любіц пэўны час назіраўся ў псыхіятра, быў адхілены ад лётнай падрыхтоўкі, але потым атрымаў дазвол на палёты пры ўмове рэгулярных мэдычных абсьледаваньняў. Ці магчыма, каб у Беларусі лётчык з такімі праблемамі са здароўем змог трапіць за штурвал?
Аляксандар Камароўскі лятаў на транспартніках «Ан-8», «Ан-12» і «Іл-76». Былы лётчык перакананы, што нямецкі пілёт неяк падмануў мэдычныя службы, каб атрымаць дазвол на палёты. Але адхіленьні ў паводзінах другога пілёта мусілі заўважыць капітан паветранага судна ды іншыя калегі; «Менавіта яны — апошні заслон, які чамусьці не спрацаваў».
«Людзі, якія побач працуюць, мусяць зьвяртаць увагу. Вось у нас быў адзін бравы лётчык, але з адхіленьнямі, мы самі гэта заўважылі, і яго яшчэ лейтэнантам сьпісалі з авіяцыі ўвогуле. Што зь ім было? Ды неадэкватныя паводзіны падчас палёту. Трэба пра палёт думаць, а ён пра нешта пачынае размаўляць, задаваць нейкія пытаньні ня тыя. Гэта ж адразу кідаецца ў вочы, калі чалавек „чокнуты“. Яго накіравалі на мэдычную камісію і ў выніку ўвогуле звольнілі з войска», — згадаў выпадак са сваёй лётнай практыкі Аляксандар Камароўскі.
Юры Касьцюкевіч з Дэпартамэнту авіяцыі лічыць малаверагодным, каб у Беларусі чалавек, які назіраўся ў псыхіятра, быў дапушчаны да палётаў. «Бо створаная жорсткая сыстэма мэдычнага кантролю», — пацьвердзіў Юры Касцюкевіч.
Паводле намесьніка дырэктара авіякампаніі «Белавія» Ігара Чаргінца, у кампаніі дзейнічае правіла, якое не дазваляе пакідаць аднаго пілёта ў кабіне. «У нас — як і ў іншых кампаніях. На вызваленае месца мусіць прыйсьці бортправаднік», — сказаў Ігар Чаргінец. Падрабязнасьцяў спадар Чаргінец не паведаміў, спаслаўшыся на тое, што ён «не пілёт і не адказвае за авіяцыйны атрад».
У прэсавай службе кампаніі «Белавія» карэспандэнту Свабоды не адказалі на пытаньне, ці дазволена пілётам авіякампаніі выходзіць падчас палёту з кабіны, пакідаючы другога пілёта аднаго. Кіраўніца прэсавай службы Ірына Баранава сказала, што не ўпаўнаважаная даваць камэнтары, і прапанавала накіраваць на гэтую тэму афіцыйны запыт.