У Францыі распачатае расьсьледаваньне крушэньня самалёта авіякампаніі Germanwings. Пракуратура Марсэля апытвае ключавых сьведак катастрофы. Ўласнае расьсьледаваньне праводзіць францускае ведамства па бясьпецы авіяперавозак BEA. На месца крушэньня ў сераду прыбываюць нямецкія экспэрты, чакаецца, што яны прадставяць свае высновы праз тыдзень.
Your browser doesn’t support HTML5
У Альпах знойдзеная "чорная скрыня" А320
Сёньня раніцай на месцы падзеньня самалёта аднавіліся пошукава-выратавальныя працы, перарваныя напярэдадні з надыходам цемры. Прадстаўнік нямецкай авіякампаніі Lufthansa, чыёй даччынай кампаніяй зьяўляецца Germanwings, заявіў, што прыярытэтнай вэрсіяй лічыцца няшчасны выпадак.
Аэробус A320 ляцеў з Барсэлёны ў Дзюсэльдорф. На яго борце знаходзіліся 150 чалавек, большасьць зь іх грамадзяне Нямеччыны. Паведамлялася, што ў самалёце ляцелі таксама грамадзяне Аўстраліі, Вялікабрытаніі, Гішпаніі, Казахстана, Турцыі і Японіі. Француская паліцыя інфармуе, што на эвакуацыю целаў загінулых з горнага раёну можа спатрэбіцца некалькі дзён.
Да месца катастрофы сёньня прыбудуць лідэры Нямеччыны, Гішпаніі і Францыі.
Самалёт А320 пацярпеў крушэньне раніцай у аўторак на поўдні Францыі ў дэпартамэнце Альпы Верхняга Праванса. Як мяркуюць, нікому выратавацца не ўдалося. Самалёт знаходзіўся ў піке на працягу васьмі хвілін, аднак не пасылаў сыгналаў бедзтва.
Сярод 150 чалавек, якія знаходзіліся на борце ляйнэра, было 16 школьнікаў і два выкладчыкі са школы Ёзэфа-Кеніг ў Хальтэрне. Яны езьдзілі на тыдзень у Льінарс-дэль-Вальес (правінцыя Барсэлёна) па праграме школьнага абмену.
Абломкі ляйнэра знаходзяцца ў цяжкадаступным раёне на вышыні больш за 2000 мэтраў. Дабрацца ў гэты раён, калі ў гарах ляжыць сьнег, можна толькі на верталёце.
Раней кіраўнік кампаніі Germanwings Томас Вінкельман абвясьціў, што сьпіс пасажыраў у аўторак апублікаваны ня будзе, каб засьцерагчы ад недарэчнай публічнасьці іх сваякоў. Аднак імёны некаторых загінуўшых паступова становяцца вядомыя. Таксама загінуў сьпявак-барытон дзюсэльдорфскай опэры Алег Брыжак.
«Мы страцілі вялікага артыста і цудоўнага чалавека», — заявіў рэжысёр тэатру Крыстаф Майер. Алег Брыжак, які іміграваў у Нямеччыну з Савецкага Саюза ў 1991 годзе, таксама служыў протадыяканам ўкраінскай праваслаўнай царквы ў Крэфэльдзе пад Дзюсэльдорфам. У гэтым жа самалёце ляцела нямецкая опэрная сьпявачка-кантральта Марыя Раднэр разам са сваім мужам і дзіцем.
Your browser doesn’t support HTML5
На поўдні Францыі разьбіўся самалёт
Абломкі ляйнэра раскіданыя ў гарах на значнай плошчы, аднак у аўторак францускім выратавальнікам ўдалося знайсьці адну з двух «чорных скрыняў» — галасавы самапісец, які фіксуе ўсе гукі ў кабіне пілётаў.
Яго адправілі ў Парыж для расшыфроўкі, а да таго часу ўлады Францыі, Нямеччыны і Гішпаніі, а таксама кіраўніцтва Germanwings і яе мацярынскай кампаніі Lufthansa заклікаюць не займацца спэкуляцыямі на тэму аб прычынах катастрофы.
У Lufthansa абмежаваліся заявай, што ў дадзены момант разглядаюць тое, што адбылося як няшчасны выпадак.
Кампанія таксама паведаміла, што Germanwings адмяніла сем рэйсаў з Дзюсэльдорфа, паколькі экіпажы ляйнэраў заявілі, што ў дадзены момант ня ў стане выконваць палёты.