Пэрсона Раўкова ў мэдыйнай прасторы малавядомая. Некалькі разоў ён узгадваўся ў СМІ ў зьвязку з рознымі вайсковымі вучэньнямі. Сёлета абраны дэпутатам Менскага абласнога савету ад Барысаўскай-Лядзішчанскай выбарчай акругі на безальтэрнатыўнай аснове.
Палітоляг Аляксандар Класкоўскі кажа, што, з аднаго боку, кандыдатура Андрэя Раўкова крыху нечаканая — называліся прозьвішчы больш вядомых людзей, але можна прасачыць лёгіку ў гэтым кадравым рашэньні кіраўніка дзяржавы:
«Па-першае, гэта нараджэнец Беларусі, ён зь Віцебшчыны.
Па-другое, у яго вельмі добрая вайсковая адукацыя, тры спэцыяльныя ўстановы, і ўсе скончыў з адзнакай. То бок ён ведае вельмі добра тэорыю, але гэта не „паркетны“ генэрал.
І трэцяе (для мяне вельмі важны момант, а па значнасьці, можа, гэта і першае) — што ён камандаваў 103-й Віцебскай мабільнай брыгадай. То бок гэта сілы спэцыяльных апэрацыяў. І з гэтага я раблю такую выснову, што беларускі галоўнакамандуючы трымае ў галаве магчымасьць гібрыдных войнаў. То бок не з падспудным монстрам НАТО, а, я думаю, зь іншага боку ён дапускае такую пагрозу.
Калі ўзяць падзеі на Данбасе, напрыклад, то гэта сьвежы прыклад такой гібрыднай вайны, у якой ня танкавыя калёны найперш усё вырашаюць (былы міністар абароны Жадобін — ён танкіст), а менавіта сілы спэцыяльных апэрацыяў. Таму такое прызначэньне сьведчыць, што будуць пэўныя зрухі, будуць рэформы ў арміі. І зразумела, у якім кірунку: яна будзе станавіцца больш мабільнай, больш заточанай пад магчымасьць вось такой сучаснай, у прыватнасьці, гібрыднай вайны».
Андрэй Раўкоў
Андрэй Аляксеевіч Раўкоў нарадзіўся 25 чэрвеня 1967 году ў вёсцы Равякі Бешанковіцкага раёну Віцебскай вобласьці, беларус.
Скончыў Менскую сувораўскую вучэльню, Маскоўскую вышэйшую агульнавайсковую камандную вучэльню й камандна-штабны факультэт Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь з адзнакай і залатым мэдалём, Ваенную акадэмію Генэральнага штабу Ўзброеных Сілаў Расейскай Фэдэрацыі з адзнакай.
Праходзіў службу ва Ўзброеных сілах СССР, Рэспублікі Беларусь на пасадах ад камандзіра ўзвода да камандуючага злучэньнем.
З 2006 году займаў пасаду начальніка апэратыўнага аддзелу — намесьніка начальніка штабу Заходняга апэратыўнага камандаваньня, а таксама начальніка штаба — першага намесьніка камандзіра войскаў Паўночна-заходняга апэратыўнага камандаваньня. З канца 2012 стаў камандуючым войскамі Паўночна-заходняга апэратыўнага камандаваньня.
Жанаты, мае дачку