За студзень — жнівень 2014 году экспарт беларускіх бітумных сумесяў у Расею вырас у 95 разоў, склаўшы ў грашовым вымярэньні 309,9 мільёна даляраў. Такое рэзкае павелічэньне экспарту беларускага бітуму выклікае ў Масквы такую ж занепакоенасьць, як і два гады таму экспарт распушчальнікаў. Расея падазрае, што пад прыкрыцьцём бітумных сумесяў Беларусь экспартуе зусім іншы тавар, каб не выплачваць вывазнога мыта на нафтапрадукты ў расейскі бюджэт.
Эканаміст Сяргей Чалы ня зьдзіўлены такімі дзеяньнямі беларускага боку, кажа, што такія хітрыкі былі заўсёды, і пытаньне толькі ў ступені нахабства пры іх выкарыстаньні:
Сяргей Чалы, эканаміст. Фота: Ягор Маёрчык
«Што да растваральнікаў-разбаўляльнікаў, там экспарту было на 1,5 мільярда, а бітумных сумесяў — усяго на 300 тысяч. Але сэнс у чым? Пра ўсе гэтыя хітрыкі ведаюць і нашы, і расейцы. Як і ў справе з растваральнікамі-разбаўляльнікамі, тут удзельнічаюць і расейскія кампаніі таксама. Гэтыя ж дзіркі нейкім чынам зьяўляюцца пры ўсіх дамоўленасьцях паміж Расеяй і Беларусьсю. То бок пытаньні паўстаюць толькі тады, калі беларусы губляюць страх і пачынаюць гэта эксплюатаваць вельмі моцна. Пра гэты бітум расейцы ведаюць ужо паўгода, нават працоўная група па расьсьледаваньні ўжо стваралася, а цяпер яны вырашылі выказаць сваю заклапочанасьць беларусам. Маўляў, «у вас экспарт гэтых бітумаў у два разы перавышае іх вытворчасьць унутры краіны. І гэта ўжо ня вельмі прыстойна».
Мяркую, скончыцца ўсё гэтаксама, як і з растваральнікамі-разбаўляльнікамі. Беларусы скажуць: «Выбачайце, пагарачыліся, крыху перабаршчылі. Вось і ўсё».