Калі параўноўваць зь мінулым годам, Беларусь апусьцілася на тры прыступкі ўніз. Аднак, як сказаў намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Валянцін Рыбакоў, цяперашняе падзеньне на тры месцы абсалютна не зьяўляецца трагедыяй:
«Мы захоўваем даволі высокае месца ў агульным рэйтынгу 187 краінаў. Адна з галоўных прычынаў зьніжэньня нашых пазыцыяў — гэта індыкатар працягласьці жыцьця. Тут Беларусь сярод краінаў СНД займае трэцяе месца».
У інтэрвію Свабодзе эканаміст Міхась Залескі гэтак ахарактарызаваў месца Беларусі ў рэйтынгу чалавечага разьвіцьця:
Міхал Залескі Фота: Ягор Маёрчык
«Сёньня 1,5 мільярды чалавек на зямным шары жывуць без электрычнасьці, і таму на гэтым тле 53-е месца выглядае даволі прыстойным. Але нам трэба арыентавацца і параўноўваць свае магчымасьці ня з тымі, хто жыве горш за нас, а з тымі краінамі, якія знаходзяцца сярод лідэраў па чалавечым разьвіцьці: гэта, напрыклад, Швайцарыя, Нідэрлянды, Злучаныя Штаты Амэрыкі. Раўняцца трэба на іх. Але атрымліваецца так, што ў апошнія гады дыстанцыя паміж нашай краінай і лідэрамі чалавечага разьвіцьця ў сьвеце не скарачаецца, а павялічваецца, і гэта вельмі дрэнна».