Чаму адступае ўкраінскае войска?

Апошнія паразы ўкраінскага прафэсійнага войска ў змаганьні з сэпаратыстамі аднавілі дыскусію пра ўзровень баявой падрыхтоўкі і стан баявога духу ўкраінскіх вайскоўцаў. Як ацэньваюць гэтыя паказьнікі беларускія вайсковыя экспэрты?

Чаму адступае ўкраінскае войска, якое яшчэ нядаўна быццам атачыла Луганск і плянавала з парадам на Дзень незалежнасьці прайсьці па вуліцах вызваленага Данецку? Генэрал-маёр, былы дэпутат Нацыянальнага сходу Валер Фралоў мяркуе, што на баяздольнасьць украінскага войска робіць значны ўплыў стаўленьне вышэйшых палітыкаў:

Валеры Фралоў

«Армія такая, як да яе ставіцца кіраўніцтва. Таму гэтак і атрымалася. Хлопцаў набіраюць новых, яны, можа, два разы з аўтаматаў пастраляюць на вучэньнях, а іх кідаюць у бой. І што, пасьля гэтага чакаць ад іх вялікай баяздольнасьці? Гэта наіўна. У Расеі да войска заўсёды ставіліся больш сур’ёзна, грошы плацілі добрыя. А ва Ўкраіне, калі прыйшлі да ўлады нейкія алігархі, у якіх свае інтарэсы, то і войска адпаведнае. Але і лічыць, што там супроць іх ваюе нейкая рэгулярная групоўка, якую заслалі з Расеі, — мяркую, гэта не дакладна. Рэальных пацьверджаньняў гэтаму я асабіста ня бачу».

Паводле дадзеных выведкі NАТО, ва Ўкраіне на баку сэпаратыстаў ваюе да 2 тысяч расейскіх вайскоўцаў. Расейскія афіцыйныя крыніцы гэта адмаўляюць. Між тым, паводле зьвестак незалежных расейскіх крыніц, колькасьць расейскіх вайскоўцаў ва Ўкраіне можа быць і большая. Гэтак, паводле гісторыі гібелі расейскага дэсантніка Антона Туманава з 18-й брыгады, ён трапіў на тэрыторыю Ўкраіны ў сярэдзіне жніўня ў складзе вайсковай калёны разам зь яшчэ тысячай вайскоўцаў. Украінскія афіцыйныя мэдыі кажуць пра 25–30 тысяч расейскіх вайскоўцаў.

Гэтыя зьвесткі крытычна ацэньвае беларускі вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін. Экспэрт адзначае, што нават касьмічная выведка NАТO не зафіксавала вялікіх калёнаў расейскіх войскаў на тэрыторыі Ўкраіны. Паводле Аляксандра Алесіна, расейскія добраахвотнікі сапраўды пранікаюць ва Ўкраіну, але невялікімі групамі, і дзейнічаюць пасьля таго, як назьбіраюць сілаў. Што да апошніх паразаў украінскіх вайскоўцаў, экспэрт тлумачыць іх тактычнымі памылкамі: сэпаратысты перайшлі да тактыкі ўцягваньня ўкраінскіх войскаў у гарады і акружэньня іх там, як адбылося ў Ілавайску, а ўкраінцы не знайшлі, што гэтаму супрацьпаставіць::

Аляксандар Алесін

«Цяпер са спадарожніка нумар аўтамабіля і колькасьць зорак на пагонах можна пабачыць. Таму, калі б былі вялікія калёны, гэта б стала аргумэнтам для асуджэньня Расеі ў ААН. Проста людзі мысьляць старымі катэгорыямі. Ім хочацца, каб былі калёны, і ўкраінскія сілавікі апраўдваюць тое, што яны праспалі зьмену тактыкі, праспалі разьвіцьцё падзеяў паводле новага сцэнару тым, што былі калёны. Пранікненьні адбываліся дробнымі групамі. Гэтая тактыка называецца «мяцеж-вайна».

Карэспандэнт: «Цяпер шмат хто гадае: дадуць NАТO і ЗША ўкраінцам сучасную зброю ці не дадуць?»

«Мяркую, з тых жа прычын, што і Расея, яны ня будуць перадаваць высокадакладную зброю, апошнія ўзоры зброі. Гэта будзе тэхніка з арсэналаў краін былой Варшаўскай дамовы. Мы ўжо кажам пра вугорскія танкі, якія прыбываюць ва Ўкраіну, пра польскія самаходкі. Мяркую, калі паскрабуць па сусеках у розных усходнеэўрапейскіх краінах, то знойдуцца запасы „Т-72“, „Д-30“ і гэтак далей. Але сур’ёзнай тэхнікі перадаваць ня будуць. Па-першае, таму, што яна можа трапіць у рукі расейцаў, і па-другое — бо Расея ў інфармацыйнай вайне скарыстае гэты аргумэнт. Пакуль рэальнага ўдзелу Захаду ў канфлікце ва Ўкраіне няма, але і рэгулярнага расейскага войска няма. Магчыма, як сказаў той Захарчанка, нават некалькі дзясяткаў тысяч расейскіх добраахвотнікаў і ёсьць, але яны не прадстаўляюць пэўную вайсковую часьць. Яны проста туды прабраліся, там згрупаваліся і пад выглядам частак ДНР наступаюць. Зь імі ж няма артылерыйскіх часьцей, няма франтавой авіяцыі. Мяркую, калі б сапраўды расейская армія там прысутнічала, Кіеў бы ўжо ўзялі. Наконт гэтага Пуцін у размове з Барозу не хлусіў. Бо супраць сучасных расейскіх войскаў украінская армія — поўны нуль. Нават супраць беларускіх».

Вэтэран баёў у Аўганістане, былы палкоўнік Аляксандар Камароўскі не падзяляе думкі, што ўкраінскае войска ня здольнае пераламіць ход баёў на сваю карысьць.

Аляксандар Камароўскі

«Лічу, што ўкраінскае войска цярпіць часовую паразу. Ня трэба забываць, што ўкраінцаў 46 мільёнаў, а ўкраінцы — гэта выдатныя ваяры, я ведаю іх па службе ў Аўганістане. Яны возьмуць рэванш. Проста пакуль яшчэ ўлада ў іх слабая, яна толькі-толькі ўзялася за лейцы. На мой погляд, для паўнамаштабнай вайны з Украінай сіл у Расеі няма. Адна справа — увайсьці ва Ўкраіну, а другое — утрымаць гэтую тэрыторыю, калі пачынаецца партызанка, калі ідуць сотні трунаў дамоў. Ужо ў Расеі пачынаецца рух супраць вайны, а гэта будзе і далей раскручвацца. У Пуціна складанае становішча. Пакуль яны яшчэ пускаюць бурбалкі на публіку, але насамрэч гэта гульня на авось».