Спэцыяльны карэспандэнт Радыё Свабода Андрэй Бабіцкі апісвае свае ўражаньні ад камандзіроўкі на ўсход Украіны.
Данецк жыве чаканьнем вайны, — піша Андрэй Бабіцкі. — ...Ужо тры-чатыры дні на вуліцах Данецку ня бачна ўзброеных людзей, якія яшчэ тыдзень таму палохалі сваім выглядам і манерай паводзін гараджан. Падобна на тое, што кіраўніцтву ДНР хапіла розуму зразумець, што час спыняць махноўшчыну, якая пужае і раздражняе насельніцтва. Зараз апалчэнцаў можна ўбачыць толькі на блёкпастах і ля будынкаў, дзе разьмешчаныя органы ўлады. Акрамя таго, захопленыя вайсковыя часткі становяцца месцамі дысьлякацыі розных мясцовых сілавых падразьдзяленьняў. Пайшлі на спад і размовы аб узброеных нападах і рабаваньнях. Можна выказаць здагадку, што і тут дасягнуты пэўныя посьпехі...
Перамір’е выконваецца толькі часткова, у яго парушэньні бакі абвінавачваюць адзін аднаго...
Падчас перамір’я бакі супрацьстаяньня здолелі на парадак ўзмацніць уласныя пазыцыі. Таму, калі баявыя дзеяньні пачнуцца зноў, то весьціся яны будуць з выкарыстаньнем шматкроць большых магчымасьцяў як украінскай арміі, так і апалчэньня. Адпаведна, страты могуць аказацца істотна больш сур’ёзнымі, чым на пачатковым этапе ваеннай апэрацыі.
Праўдападобна, Данецк ужо разумее, што вайны не пазьбегнуць, але якой яна будзе, пакуль ніхто ня ведае. Горад, хоць пакуль і выглядае абсалютна мірным, абязьлюдзеў. Жыцьцё сыходзіць адсюль паступова, амаль незаўважна. Адна за адной зачыняюцца крамы, офісы, банкі. Спачатку згортваў свае справы бізнэс спэцыфічны — напрыклад, гандаль прадметамі раскошы. Малады чалавек з Марыюпалю трымаў тут краму кухоннай мэблі зь Нямеччыны. Кошт некаторых гарнітураў складаў дзясяткі тысяч даляраў, кажа ён мне. Цяпер крама на замку, пэрсанал распушчаны па хатах з захаваньнем заработнай платы. Уладальнік усё ж яшчэ дапускае, што зможа зноў запусьціць бізнэс. Раніцай я выявіў, што вялізны гандлёвы комплекс «Бум» зачыніўся. На яго дзьвярах таблічка з надпісам, танальнасьць якой, мне здаецца, выдае непрыхаванае раздражненьне: «Мы не гандлюем».
Адзін з афіцэраў апалчэньня, зь якім мне ўдалося пагутарыць, сказаў, што АТА ня зможа стаць пасьпяховай, калі ўкраінская армія вырашыць ваяваць у межах гораду. Тут неэфэктыўная бронетэхніка, якую лёгка зьнішчаць ва ўмовах гарадзкой аглямэрацыі, не занадта дапаможа і авіяцыя, паколькі мясцовая шматпавярховая забудова зьяўляецца выдатным сховішчам ад авіяўдараў.
«У Кіева ёсьць дзьве магчымасьці, — сказаў мне мой суразмоўца. — Ці руйнаваць горад дашчэнту, як Грозны, і толькі тады ўводзіць войскі, або паступова адваёўваць раён за раёнам, несучы пры гэтым гіганцкія страты. Першы варыянт немагчымы з-за рэакцыі сусьветнай супольнасьці, якая будзе рэзка нэгатыўнай з-за масавай гібелі мірнага насельніцтва. Другі выкліча непрыманьне ўжо ўнутры краіны. Што б ні абраў Парашэнка, вайна стане яго магілай».
Ёсьць яшчэ адна акалічнасьць, аб якой варта згадаць. Калі параўноўваць сілавы рэсурс апалчэньня ДНР і ЛНР і іншых сэпаратысцкіх фарміраваньняў на тэрыторыі былога СССР, то трэба прызнаць: у цяперашняга бунту ва Ўкраіне вайскова-матэрыяльная база на парадкі лепш, чым у армян Карабаху, абхазаў, паўднёвых асэтын або чачэнцаў. Ніколі раней на ўзбраеньні сэпаратыстаў не было супрацьракетнага зэнітнага комплексу і такой колькасьці цяжкай тэхнікі. Лягічна выказаць здагадку, што маштабы вайны ва Ўкраіне могуць аказацца куды больш катастрафічнымі, чым дзе б там ні было яшчэ.