Расея выйшла з вайсковага пагадненьня зь Літвой

Патруль НАТО ў небе над Літвой

Расея выйшла з пагадненьня зь Літвой аб узаемных вайсковых інспэкцыях, падпісанага ў 2001 годзе.
Пра гэта ў панядзелак паведаміла міністэрства абароны Літвы. Разрыў супрацоўніцтва ў вайсковай галіне паміж Масквой і Вільняй адбыўся на фоне росту занепакоенасьці краінаў Балтыі дзеяньнямі Расеі ва Ўкраіне.

Паводле пагадненьня, якое дзейнічала паміж Расеяй і Літвой, узаемныя інспэкцыі праводзіліся літоўскімі вайсковымі экспэртамі на тэрыторыі Калінінградзкай вобласьці, а расейскія вайскоўцы правяралі аб'екты на тэрыторыі Літвы.

Літва выконвала ўсе ўмовы двухбаковага пагадненьня і не давала Расеі ніякай падставы для яго разрыву, заявіў прадстаўнік літоўскага міністэрства абароны агенцтву Reuters.

У апошнія дні 600 вайскоўцаў ЗША былі дысьлякаваныя ў Польшчы і трох балтыйскіх дзяржавах для ўдзелу ў сухапутных вучэньнях і, як чакаецца, гэты кантынгент застанецца ў краінах Балтыі да канца году.

На мінулым тыдні чатыры зьнішчальнікі брытанскіх вайскова-паветраных сілаў прыбылі ў Літву. Гэта першая група зьнішчальнікаў з 12-ці самалётаў, якія будуць весьці патруляваньне ў небе трох балтыйскіх саюзьнікаў па НАТО. Пры канцы красавіка на поўначы Польшчы зьявіліся, таксама для нясеньня патрульнай службы, чатыры зьнішчальнікі ВПС Францыі.