Раздарожжа пасьля Віленскага саміту Партнэрства

Юры Дракахруст

Якія наступствы будуць мець для Беларусі вынікі Віленскага саміту Ўсходняга партнэрства? Ці стала Расея пераможцам на гэтым саміце? Ці будзе Эўразьвяз пераглядаць сваю палітыку адносна краін партнэрства? Ці можа грамадзянская супольнасьць стаць рухавіком эўраінтэграцыі?
Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць экспэрт Беларускага цэнтру эўрапейскіх дасьледаваньняў Павал Вусаў, дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Аляксей Пікулік і магістар Лёнданскай школы эканомікі Георгі Плашчынскі.

Чаму Менск пагадзіўся на перамовы пра візавы рэжым?


Дракахруст: Беларусь – адзіная краіна Партнэрства, якая на Віленскім, як і на папярэдніх самітах, не была прадстаўленая кіраўніком дзяржавы. Як пачуваў сябе афіцыйны Менск у Вільні - гэтак жа, як у Варшаве 2 гады таму ці ў Празе ў 2009-м, ці інакш? Ці быў спадар Макей ізгоям на гэтым сьвяце эўраінтэграцыі?

Георгі Плашчынскі

Плашчынскі: Улічваючы тое, што галоўным пытаньнем саміту была ўсё ж такі Ўкраіна, лічу, што беларускія ўлады адчувалі сябе лепш. Афіцыйны Менск прапанаваў Эўразьвязу распачаць перамовы наконт спрашчэньня візавага рэжыму. Думаю, што для ЭЗ гэты быў пазытыўны сыгнал, які сьведчыць пра пазытыўныя вынікі Ўсходняга партнэрства.

Дракахруст: Аляксей, вашы адказы. Ці пачуваў сябе спадар Макей у параўнаньні з сытуацыяй, калі б Украіна падпісала адпаведнае пагадненьне аб асацыяцыі? І што азначае гэтая раптоўная згода на перамовы аб спрашчэньні візавага рэжыму, чаго не было некалькі гадоў?

Аляксей Пікулік

Пікулік: Я не ведаю, як адчуваў сябе Макей на саміце . Гэта лепш спытаць у яго. З аднаго боку, ён апынуўся сярод буйных эўрапейскіх чыноўнікаў, што азначала прарыў і пік яго кар'еры. Зь іншага боку, безумоўна, ён разумеў, што непрыемныя пытаньні будуць задавацца. Я не думаю, што тое, як адчуваў сябе афіцыйны Менск, залежала ад падпісаньня ці непадпісаньня Ўкраінай пагадненьня аб асацыяцыі.

А тое, што пачалі казаць пра аблягчэньне візавага рэжыму, то гэта цалкам заканамерна: Макею неабходна было ехаць на саміт з якімі-небудзь канкрэтнымі прапановамі, для стварэньня станоўчага парадку дня ў адносінах паміж Беларусьсю і ЭЗ.

Дракахруст: Павал, усё ж такі 2 гады не пагаджаліся весьці перамовы пра візавы рэжым, а на саміце раптам пагадзіліся. Чаму, як вы мяркуеце?

Павал Вусаў

Вусаў: Я думаю, што гэтыя дэклярацыі могуць і не мець ніякага практычнага значэньня. Пагаджаюся з Аляксеем у тым, што трэба было нешта кінуць Эўразьвязу, бо пэўныя саступкі з боку ЭЗ былі зробленыя, Беларусь была запрошаная на саміт, нягледзячы на тое, што палітычныя вязьні застаюцца. Таксама былі зьнятыя санкцыі з прадпрыемстваў Пефціева. Такім чынам крок у адказ Менск павінен быў зрабіць. І была сказаная фраза, якая абсалютна ні да чаго не абавязвае, што нібыта Менск пагаджаецца на размовы адносна спрашчэньня візавага рэжыму. Але, падкрэсьлю - гэта абсалютна не азначае, што насамрэч Менск будзе рухацца ў гэтым накірунку.

І другі момант: гэтыя рухі цела - гэта намаганьні збалянсаваць тую геапалітычную сытуацыю, якая склалася ў Беларусі. То бок, мы бачым, што Беларусь усё ж такі рухаецца ў кірунку Расеі. І, магчыма, Менск стараецца неяк затармазіць гэты працэс, каб расейскі вэктар ня так моцна дамінаваў.

Хто перамог у Вільні?

Дракахруст: Адмова Ўкраіны падпісаць пагадненьне аб асацыяцыі, разам з выбарам Армэніі на карысьць мытнага саюзу і дзіўнай заявай Азэрбайджану наконт асацыяцыі, якую яму, здаецца, ніхто і не прапаноўваў, ствараюць новую сытуацыю ў рэгіёне, ў краінах суседзях ЭЗ і Расеі. Ці можна сказаць, што на саміце ў Вільні Расея была пераможцам ці, прынамсі, трэцім, які радуецца?

Пікулік: Я не думаю, што ў гэтым выпадку можна гаварыць пра пераможцаў і прайграўшых. З аднаго боку, гэта было спаборніцтва эўрапейскай «мяккай моцы» і расейскага «бабла». У постсавецкіх краінах даволі папулярнае ўяўленьне, што Эўропа і Расея настолькі зацікаўленыя ў нас, што будуць падвышаць стаўкі, спрабуючы нас перакупіць .

На самай справе перамовы ЭЗ з Украінай - гэта была спроба ўцягнуць яе ў арбіту каштоўнасных і цывілізацыйных арыентыраў Эўропы. У чым перамога, а ў чым пройгрыш ? Я не ведаю. Расія аказалася здольнай і гатовай аплачваць захаваньне status quo. Цяпер сытуацыя такая, якой была паўгода таму назад. Адзінае, што зараз за гэта Расія будзе шчодра плаціць.

Ці прайграла Эўропа ? Не, не прайграла. Эўропа гуляла зусім іншую ролю, таму што, калі вы хочаце быць эўрапейцамі і такі ваш цывілізацыйны выбар, калі вы з намі, то ЭЗ не зьбіраецца аплачваць кожны подпіс пад вашым рашэньнем. Безумоўна, эўрапейскі падыход у доўгатэрміновай пэрспэктыве значна больш эфэктыўны, чым расейскі.

Дракахруст: Павал, калі б Украіна падпісала пагадненьне, супраць якога выступала Расея, хіба мы не інтэрпрэтавалі гэта як посьпех Эўразьвязу? Атрымалася наадварот, але Аляксей мяркуе, што і гэта не параза Эўразьвязу. Дык атрымліваецца, што Эўропа выігрывала ў любым выпадку?

Вусаў: На маю думку, Эўропа з самага пачатку заняла даволі слабую пазыцыю: яна намагалася весьці перагаворы з аўтарытарным лідэрам, які ў гэтай сытуацыі імкнуўся дасягнуць сваёй асабістай мэты. Януковіч абсалютна ня быў зацікаўлены ў тым, каб насамрэч Украіна рухалася ў накірунку ЭЗ. І нават, калі б дамова была падпісаная, то гэта зусім не азначала б тое, што пры сёньняшняй палітычнай сыстэме, якая фармуецца ва Ўкраіне, яна б сталася сапраўды эўрапейскай дзяржавай. Супярэчнасьці ўнутры грамадзтва настолькі вялікія, што стабільнасьці і нейкай рэальнай геапалітычнай перанакіраванасьці на ЭЗ дамова не прынесла б.

Гэта сапраўды быў бы сымбалічны посьпех Эўразьвязу, які, на маю думку, не меў бы рэальнага стратэгічнага працягу. Для Януковіча галоўным было захаваць тую сытуацыю, якая склалася, не выпускаць Юлію Цімашэнка з вязьніцы. Эўразьвяз на гэта не пагадзіўся і тады проста лягічна для Януковіча было пайсьці насустрач Маскве. Ён будзе працягваць гуляць на два бакі, але, безумоўна, у гэтым супрацьстаяньні Расея выглядае больш уплывовай, чым Эўрапейскі зьвяз. Расея не будуе свой падыход на каштоўнасьцях, а выкарыстоўвае ўсе магчымыя мэтады, мэханізмы і рэсурсы дзеля таго, каб замацаваць свой уплыў. На жаль такіх рэсурсаў і мэханізмаў у Эўропы няма.

Дракахруст: Павал, ведаеце, тут можна сказаць словамі ўкраінскай прымаўкі – “Бачылі вочы, шо куповалы”. Калі ў праграму Ўсходняга партнэрства ў 2009 годзе запрашаліся такія краіны як Азэрбайджан і Беларусь, то тыя, хто запрашаў, ведалі, каго запрашалі. І зараз, дарэчы, адносна Ўкраіны не ідзе размова, каб прыняць яе ў ЭЗ. Размова ідзе пра падпісаньне пагадненьня пра асацыяцыю, пра гэткія “сенцы”, у якіх можна быць і 100 гадоў. Гэта не Эўразьвяз. Гэта такое аднабаковае падключэньне да пэўных інстытутаў Эўразьвязу.

Вусаў: Усё залежыць ад таго, якія мэты перад сабой ставіць Эўразьвяз. Калі мэта проста падпісаць нейкія паперы наконт Усходняга партнэрства, дзеля дэманстрацыі, што ёсьць нейкая палітыка адносна гэтых краінаў, то сапраўды, яны могуць пераглядаць стратэгію, зьмяняць падыходы і далей размаўляць з такімі асобамі, як Лукашэнка і Януковіч, імкнуцца зрабіць зь іх цывілізаваных эўрапейскі дыктатараў. Але гэта ніяк не паўплывае на геапалітычнае арыентаваньне гэтых краінаў.

Калі абраць больш-менш практычны падыход, пэрспэктыву інтэграцыі гэтых краінаў у сфэру цывілізацыйнага ўплыву Эўразьвязу, то тут таксама патрэбна зьмена стратэгіі, а менавіта спрашчэньне візавага рэжыму, ўцягваньне грамадзтваў гэтых краінаў у разнастайныя эўрапейскія праекты. Уцягваць трэба не лідэраў гэтых краінаў, а менавіта грамадзтвы Беларусі, Украіны і Малдовы. Калі Эўразьвяз хоча, каб гэтыя краіны былі ў сфэры яго ўплыву, то ён павінен больш актыўна праяўляць ініцыятыву наконт гэтых краінаў і рабіць таксама практычныя крокі насустрач. На мой погляд, ніякага дыялёгу і паслабленьня палітыкі адносна рэжыму з боку Эўропы не павінна быць, бо гэты ніяк не прывядзе да зьмены сьветапогляду лідэраў. Безумоўна, яны будуць імкнуцца захаваць уладу. Геапалітычная пераарыентацыя Беларусі і Ўкраіны не адбудзецца да тае пары, пакуль ва ўладзе будуць такія лідэры, як Лукашэнка і Януковіч.

Ці зьменіцца пасьля Віленскага саміту палітыка Эўразьвязу?

Дракахруст: Георгі, Беларусь ва Ўсходнім партнэрстве пэўны час была такім enfant terrible, дзікім выключэньнем. Большасьць краінаў, зь якімі Эўропа плянавала кантактаваць у будучыні, складалі дэмакратычныя краіны альбо краіны, якія рухаліся ў бок дэмакратыі. Зараз высьвятляецца, што амаль усё Партнэрства складаецца з такіх выключэньняў. Ці не патрабуе гэта, на ваш погляд, зьмены парадыгмы?

Плашчынскі: Я не думаю, што ёсьць магчымасьць вялікага перагляду падыходу ЭЗ у межах Усходняга партнэрства. Па-першае, асноўныя прынцыпы і падыходы былі ўжо закладзеныя, па-другое, зацікаўленасьць Эўропы ў гэтым партнэрстве не такая вялікае, як да паўднёвага вымярэньня эўрапейскай палітыкі суседзтва. Усходняе партнэрства найбольш падтрымліваецца такімі цэнтральнаэўрапейскімі краінамі, як Польшча. Па вялікім рахунку ў гэтым рэгіёне ня відаць вялікага стратэгічнага значэньня.

Таксама важна заўважыць, што зьмена малаверагодная, таму што ЭЗ не гатовы прапанаваць на сёньняшні момант пэрспэктыву членства ў ЭЗ гэтым краінам. Гэта было бадай асноўным рухавіком рэформаў у цэнтральнаэўрапейскіх і балтыйскіх краінах. Эўропа не гатова канкураваць з Расеяй у сэнсе даваньня эканамічных выгадаў для краінаў Партнэрства, а, магчыма, і ня хоча. І падаткаплатнікі не будуць разумець, навошта гэта рабіць. У прынцыпе, асноўнай прыцягальнай сілай ЭЗ зьяўляюцца ня грошы, а каштоўнасьці жыцьця, якія Зьвяз прапаноўвае.

Дракахруст: Аляксей, у Вільні высьветлілася, што да інтэграцыі нават на ўзроўні асацыяцыі гатовыя толькі дзьве краіны з 6 чальцоў Партнэрства. Ці магчымая зьмена стратэгічнага погляду? Умоўна кажучы, ці можа Эўразьвяз пачаць глядзець на рэгіён, як на краіны Магрыбу, не выстаўляючы такую высокую плянку, якая выстаўляецца для гэтых краінаў?

Пікулік: Я не думаю, што плянка занадта высокая. Ня трэба пераацэньваць пагадненьні аб асацыяцыі, якія Эўразьвяз заключаў і з Эгіптам, і з Марока, і з Палестынскай аўтаноміяй.

Дракахруст: Аляксей, скажыце, калі пагадненьне заключалася паміж ЭЗ і, напрыклад, Марока, ці выстаўлялася патрабаваньне, што мы з вамі падпішам пагадненьне толькі пры ўмове, што мараканскія ўлады вызваляць з турмы лідэра апазыцыі Х? Тое, што там у турмах прадстаўнікоў апазыцыі шмат, можна не сумнявацца. Але так з гэтымі краінамі не размаўлялі. А з Украінай так размаўлялі.

Пікулік: Таму што вельмі шмат асабістых амбіцый у Сікорскага і ў Більдта. У тым, што тычыцца Ўкраіны, яны жадаюць не проста выбудоўваць ўласную палітыку, але ім патрэбныя нейкія бонусы. Таму тут пытаньне не толькі ў палітыцы ЭЗ, але і ў пэрсанальных падыходах палітыкаў, якія ставяць перад сабой не зусім рацыянальныя мэты, на мой погляд.

Я не думаю, што ЭЗ будзе падвышаць стаўкі, прапаноўваючы камусьці нешта звыш. Будзе цалкам чаканая стомленасьць ад усходняй палітыкі. Віленскі саміт паказаў, што каб уцягнуць краіны Партнэрства ў сваёй арбіту цывілізацыйнай прасторы, Эўропа павінна плаціць за кожны ход. Думаю, што пасьля Вільні будзе нейкі скептыцызм у дачыненьні да гэтага рэгіёну. Хаця Эўропа будзе працягваць падтрымліваць грамадзянскія супольнасьці гэтых краінаў, каб падрыхтаваць сабе партнэраў, якія калі-небудзь прыйдуць да ўлады і будуць скіраваныя на эўрапейскія каштоўнасьці.