Навошта Лукашэнку і Мадуру дарожная мапа?

Ці вінная Беларусь грошы Вэнэсуэле за нафту, якую атрымлівала адгэтуль? Амбасадар Вэнэсуэлы ў Беларусі Амэрыка Дыяс Нуньес на сваёй сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі адмовіўся адказваць на гэтае пытаньне. Між тым, паводле розных крыніцаў, Беларусь не заплаціла Вэнэсуэле больш за два мільярды даляраў.
Сярод пытаньняў да амбасадара галоўнымі былі грашовыя. Вэнэсуэльскі дыплямат сказаў, што беларускі бок разьлічваецца за крэдыт, які ў свой час атрымаў ад Вэнэсуэлы, у памеры 500 мільёнаў даляраў. «Тут усё ідзе згодна з усталяваным графікам выплатаў», — паведаміў журналістам Амэрыка Дыяс Нуньес.

А вось з «нафтавымі» грашыма сытуацыя значна больш складаная. Паводле розных крыніцаў, Беларусь не заплаціла за вэнэсуэльскую нафту жывымі грашыма. А разьлічваецца за яе рознымі паслугамі, найперш будаўнічымі, узводзячы ў Вэнэсуэле жылыя дамы і прамысловыя аб’екты. Мабыць, таму і сума запазычанасьці называецца розная — ад 2,3 да 2,8 мільярда даляраў.

Але амбасадар ня стаў камэнтаваць гэтыя зьвесткі. Ён сказаў, што калі кагосьці гэта цікавіць, то ён раіць зьвярнуцца па даведку да беларускага боку.

Разам з тым амбасадар прызнаў, што экспарт беларускіх тавараў у Вэнэсуэлу значна большы, чым імпарт у Беларусь вэнэсуэльскіх.

У сувязі з гэтым амбасадар Нуньес сказаў, што дагэтуль не ўдаецца вырашыць пытаньне аб пастаўцы трапічнай садавіны з Вэнэсуэлы ў Беларусь: «На жаль, беларусы так і ня ведаюць да сёньня смаку вэнэсуэльскага манга і ананаса».

Яны нагадваюць сытуацыю ў сям’і, калі пасьля пэўнага пэрыяду шчасьлівых адносін жонка раптам кажа мужу: дарагі, нам трэба паразмаўляць
Яўген Красулін
«Дачыненьні Беларусі і Вэнэсуэлы ў добрым стане, але няма нічога такога, што нельга было б зрабіць яшчэ лепшым, — сказаў амбасадар Нуньес. — У сувязі з гэтым прэзыдэнт Нікалас Мадура і прапанаваў прыняць новую дарожную мапу ў адносінах паміж Беларусьсю і Вэнэсуэлай. У яе ўвойдуць як паглыбленьне праектаў, якія ўжо існуюць, так і стварэньне новых. Першы варыянт дарожнай мапы будзе абмяркоўвацца ўжо 4–5 жніўня на чарговым паседжаньні беларуска-вэнэсуэльскай камісіі высокага роўню».

Амбасадар Нуньес некалькі разоў акцэнтаваў увагу на тым, што дачыненьні паміж Беларусьсю і ягонай краінай не зьмяніліся і пасьля сьмерці Уга Чавэса. «Навошта ж тады Нікалас Мадура кажа, што неабходна стварыць дарожную мапу і надаць новыя імпульсы гэтым дачыненьням?» — дапытваліся журналісты.

Гэтыя прапановы кандыдат гістарычных навук, экспэрт па Лацінскай Амэрыцы Яўген Красулін ацэньвае так: «Яны нагадваюць сытуацыю ў сям’і, калі пасьля пэўнага пэрыяду шчасьлівых адносін жонка раптам кажа мужу: дарагі, нам трэба паразмаўляць. Пасьля чаго павісае такая доўгая паўза, якая нічога добрага за сабою ня цягне. Прыкладна так».

На думку спадара Красуліна, новы прэзыдэнт Вэнэсуэлы мог запатрабаваць ад Беларусі хутчэй разьлічыцца, бо эканамічнае становішча ў яго на радзіме цяпер надзвычай складанае, шмат чаго не хапае: «Лукашэнка і Мадура ўчора размаўлялі пра сельскую гаспадарку. Можа, трактары будуць пастаўляць у кошт гэтай запазычанасьці. Хто ж хоча разьлічвацца жывымі грашыма, тым больш калі іх няма?! Тут у нас і так вялікі натоўп крэдытораў стаіць. І яны гатовыя за грошы пабіцца. А з Вэнэсуэлай можна паспрабаваць пакуль на хвалі стасункаў з Чавэсам яшчэ расплаціцца натурай. Праўда, калі там сума вялікая, то натурай не абыдзесься».

Разьлічваць на новыя буйныя кантракты ў Вэнэсуэле, акрамя хіба што вайсковых, не даводзіцца, — лічыць дырэктар па дасьледаваньнях Лібэральнага клюбу Яўген Прэйгерман: «У Вэнэсуэле туалетная папера зьнікае ў выніку дзеяньня тых жа эканамічных законаў, што і ў нас у 2011 годзе, калі таксама зьнікалі некаторыя тавары. То бок гэта наступствы таго, што дзяржава манапалізуе эканоміку. І вось такі вынік».