Талака ў Курапатах: Прыходзьце і БРСМ, і камуністы
Талака ў Курапатах
Талака ў Курапатах сабрала каля чатырох дзясяткаў удзельнікаў. Прысутныя разьбіліся на групы па палітычных перакананьнях і сяброўскіх стасунках. Абыйшлося без сур’ёзных канфліктаў.
У выніку — пакошаная каля крыжоў трава, дагледжаныя кветкі, расчышчаная ад сухастою прастора насупраць «Бульбаш-хола». Усё гэта — нягледзячы на халоднае і дажджлівае надвор’е.
Сёньня ў Курапатах сустрэліся дзьве альтэрнатыўныя талакі — традыцыйная талака КХП БНФ і «агульнанацыянальная талака» з удзелам прадстаўнікоў іншых партый і рухаў.
Удзельнікі талакі прыбылі а 12 гадзіне супольнай калёнай. Прыйшлі людзі розных узростаў, але большасьць зь іх шмат каму вядомая — Вінцук Вячорка, Уладзімер Раманоўскі, Сяргей Ханжанкоў, Тацьцяна Караткевіч, Андрэй Дзьмітрыеў, Вацлаў Арэшка, Валерыя Чарнаморцава, Сьвятлана Вінаградава. Быў і абаронца Курапатаў, былы палітвязень Васіль Парфянкоў.
Распачалася талака кароткім сходам. Ганна Шапуцька распавяла, па якім раскладзе будзе адбывацца першы этап агульнанацыянальнай талакі. Прыходзіць у Курапаты можна штодня на працягу наступнага тыдня ад 17.00 да 20.00.
Your browser doesn’t support HTML5
Талака ў Курапатах
Пасьля айцец Леанід Акаловіч правёў супольную малітву. Людзі разьбіліся на дзве групы: адна засталася на алеі, другая пайшла бліжэй да «Бульбаш-хола».
Заяўлены ўдзел у акцыі прадстаўнікоў руху «За свабоду», партыі БНФ і грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» выклікаў занепакоенасьць лідэра КХП-БНФ Зянона Пазьняка.
У спэцыяльным лісьце да кіраўніцтва сваёй партыі ён просіць прасачыць за «нейкім мерапрыемствам у Курапатах кшталту лукашысцкага суботніка». Загад лідара партыі быў выкананы: сябр КХП-БНФ Валер Буйвал здымаў удзельнікаў талакі на фотапарат.
Адзіны і нязначны канфлікт паміж альтэрнатыўнымі бакамі адбыўся яшчэ на самым пачатку — не маглі падзяліць месца, дзе пасадзіць кветкі.
Сябра КХП-БНФ зь Дзяржынску Аліна Дуброўская кажа, што 20 гадоў даглядае кветкі ў адным месцы, прыяжджае кожную суботу і сярод тыдня таксама:
«Добра на ўсё гатовае, мы тут усё распрацавалі, прывезьлі зямлю. Хай ідуць на новае месца — але ж там трэба папрацаваць! На ўсё гатовае лёгка прыйсьці».
«Гэта ўсё, што вы бачыце, зрабілі мы з нашымі прыхільнікамі, — кажа актывіст КХП-БНФ Алесь Чахольскі. — Гэтых людзей я тут ні разу ня бачыў ані з граблямі, ані з сякерай. Але пажывем-паглядзім. Мы ўжо гэта праходзілі не адзін раз». «Піярацца яны тут, — заключае Чахольскі.
У супрацоўніцтва зь дзяржавай, на якое спадзяюцца арганізатары агульнанацыянальнай талакі ў Курапатах, Чахольскі ня верыць.
Кветкі, якія сталі прычынай раздору, ахвяраваў валанцёрам фэрмэр Уладзімер Матусевіч. Пра гэта распавёў Вінцук Вячорка. Ён кажа, што з сябрамі свайго Руху даўно прызначалі тут сваю «зборку». «Але так шчасьліва супала, што акурат у гэты дзень была абвешчаная супольная талака, — кажа спадар Вячорка. — Нехта часьцей упарадкуе Курапаты, нехта радзей. Але дзякуй усім!»
І адзін і другі бок упэўнена кажуць: працы ў Курапатах шмат, і яе ўсім хопіць:
«Хацелася б, каб людзей было болей, — кажа Ганна Шапуцька. — Надвор’е сёньня не спрыяла. Мы заклікаем таксама дзяржаву далучыцца да нашай Талакі, бо разумеем, што без тэхнічных сродкаў зрабіць вялікі кавалак працы амаль не магчыма».
Тацьцяна раіць апранацца з разлікам на надвор’е, браць з сабой пальчаткі, дажджавікі, гумовыя боты. З прыладаў трэба сякатары, кустарэзы, сякеры, бензатрымер.
Павал Вінаградаў, актывіст «Гавары праўду», на Талаку не прыйшоў. У Курапаты прыехала ягоная жонка Сьвятлана: «Курапаты — гэта Менскі раён, а Пашу нельга зь Менску выяжджаць. Таму яго няма».
Святлана кажа, што прыйшла, бо ёй хочацца дапамагчы. На пытаньне, ці доўга пратрывае гэтая ініцыятыва, шчыра адказвае: «Ня ведаю. Усё будзе залежаць ад людзей. Працы тут не на дзень, не на два, а на месяцы».
Сьвятлана Вінаградава
Гісторык Ігар Кузьняцоў крыўды на стаўленьне Зянона Пазьняка не хавае:
«Правядзеньне любой талакі — гэта права кожнага чалавека і арганізацыі. Хоць камуністы, хоць БРСМ, калі хочаць — хай прыходзяць. І няма чаго тут рабіць прапускныя рэжымы і кагосьці не пускаць».
Добра, што прыйшла моладзь, кажа Кузьняцоў, але валянцёры не вырашаць праблемы Курапатаў: «Лясніцтва няма, выканкаму няма, а напярэдадні былі абяцаньні. А сёньня нікога няма», — скардзіцца ён.
А ў «Бульбаш-холе» сёньня было ціха. Раней стала вядома, што ўладальнікі забаўляльнага комплексу гатовыя ўдзельнічаць у добраўпарадкаваньні Курапатаў. На гэта Ганна Шапуцька рэагуе мякка, але катэгарычна: толькі калі зьнясуць, ці зробяць на гэтым месцы помнік ахвярам.
Ігар Кузьняцоў
У гісторыка Ігара Кузьняцова больш кампраміснае рашэньне: нічога крамольнага ў прапанове ўладальнікаў забаўляльнага комплексу ён ня бачыць. Але і ня верыць у тое, што праблему «Бульбаш-хола» можна будзе вырашыць радыкальна:
«Прапановы зьнесьці „Бульбаш-хол“ нерэальныя сёньня. Калі мы ўжо нічога не змаглі зрабіць на стадыі пабудовы, празяпілі, то адзінае, што можна сёньня зрабіць, — перапрафіляваць яго ў рэстаран памінальных паслугаў. Памінкі, пахаваньні, гадавіны — кліентаў будзе ня меней. Я іншага выйсьця сёньня ўжо ня бачу».