Пуцін імкліва страчвае папулярнасьць у Расеі

Уладзімер Пуцін

Больш за палову расейцаў (55 адсоткаў) ня хочуць, каб Уладзімер Пуцін кіраваў Крамлём пасьля 2018 году, калі ў Расеі адбудуцца наступныя прэзыдэнцкія выбары.
Расейскі «Левада-цэнтар» апублікаваў вынікі апытаньня, праведзенага ў сакавіку: як зьмянілася стаўленьне расейцаў да Ўладзімера Пуціна праз год пасьля абраньня яго прэзыдэнтам на трэці тэрмін.

Рэйтынг даверу працягвае падаць. Невялікая карэкцыя ў мінулым годзе не зьмяніла агульную тэндэнцыю. Толькі 22% хочуць бачыць Пуціна кіраўніком краіны пасьля 2018 году. 8% гатовыя да вяртаньня Мядзьведзева, 47% хочуць, каб прыйшоў хтосьці іншы.

На прамое пытаньне «Вы б хацелі ці не хацелі бачыць Пуціна прэзыдэнтам пасьля заканчэньня гэтага тэрміну, у 2018 годзе?» адказы разьмеркаваліся так: «Хацелі б» – 34%, «Не хацелі б» – 40%.

Палітолягі Ігар Бунін і Глеб Паўлоўскі выступілі з тэзісам, што Пуцін «на ўсялякі выпадак» ужо стварае «пул пераемнікаў», але гэты сьпіс хаваецца пад таямніцай.

Аналітык Яўген Мінчанка лічыць, што «гонкі пераемнікаў» ужо вядуцца ў атачэньні Пуціна. Сярод патэнцыйных пераемнікаў ён згадвае былога міністра фінансаў Аляксея Кудрына, мэра Масквы Сяргея Сабяніна і міністра абароны Сяргей Шайгу, а таксама кіраўніка партыі «Грамадзянская плятформа» алігарха Міхаіла Прохарава.