Кіраўніка Таварыства польскай культуры Лідчыны Аляксандра Колышку вінавацяць у арганізацыі несанкцыянаванага масавага мэрапрыемства.
Сябры Таварыства польскай культуры зь Ліды 22 студзеня ўвечары запалілі зьнічы побач з надмагільным каменем ксяндзу Адаму Фалькоўскаму ў гарадзкім парку, каб ушанаваць яго памяць.
Ксёндз Фалькоўскі быў расстраляны за падтрымку паўстанцаў у 1863 годзе.
Да актывістаў падыйшлі міліцыянты і папярэдзілі, што гэта нелегальная акцыя, перапісалі іх прозьвішчы і не дазволілі памаліцца.
Пасьля гэтага ўсе разышліся, а амаль празь месяц у пастарунак выклікалі Аляксандра Колышку і паведамілі, што на яго складзены пратакол, паводле якога ён абвінавачваецца ў арганізацыі несанкцыянаванай акцыі.
Суд адбудзецца 20 лютага аб 11 гадзіне.