Падазраваных у нападзе на літоўскую амбасаду няма

Праваахоўныя органы пакуль ня маюць падазраваных па крымінальнай справе, пачатай па факце кіданьня ў амбасаду Літвы ў Менску «кактэйляў Молатава».
Пра гэта паведаміў старшыня Сьледчага камітэту Беларусі Валянцін Шаеў на прэс-канфэрэнцыі.

Ён адзначыў, што беларускі бок пакуль не атрымаў відэазапісаў камэр вонкавага назіраньня пасольства.

Таксама сьледчыя не змаглі дапытаць супрацоўнікаў літоўскай амбасады ў Менску, хоць Сьледчы камітэт зьвярнуўся па юрыдычную дапамогу да кампэтэнтных органаў Літвы.

Увечары 6 лістапада мінулага году на тэрыторыю літоўскай амбасады ў Менску праз агароджу былі кінутыя дзьве бутэлькі з «кактэйлем Молатава». Яны загарэліся, але літоўскія ахоўнікі іх пагасілі.

Тады кіраўнік МЗС Літвы Аўдронюс Ажубаліс і старшыня Камітэту замежных спраў Сэйму Літвы Эмануэліс Зінгерыс назвалі гэты інцыдэнт тэрарыстычным выпадам супраць дыппрадстаўніцтва Літвы.

Сьледчы камітэт Беларусі пачаў справу паводле артыкула аб злосным хуліганстве.

Раней сьледчыя распытвалі па гэтай справе актывістаў — у прыватнасьці, сябра «Маладога фронту» Ўладзімера Яроменка. У нацыянал-бальшавіка Зьмітра Сіняка ўзялі на аналіз сьліну.