Артурас Паўласкас, які цяпер часова выконвае абавязкі прэзыдэнта Літвы, у інтэрвію для літоўскага нацыянальнага радыё сказаў, што працэс імпічмэнту сьведчыць пра вытрыманае з гонарам выпрабаваньне дэмакратыі і пра тое, што Канстытуцыя ў Літве – дзейсная.
Паводле А. Паўласкаса, “цягам гэтага працэсу мы пабачылі шмат нэгатыўных рэчаў, найперш карупцыю, бюракратызм, непавагу да законаў, – тое, чаго трэба як найхутчэй пазбаўляцца, інакш гэта будзе выкарыстана рознымі палітыкамі, якія абвяшчаюць пляны ратаваньня”.
Паўласкас сказаў, што некалькі сотняў чалавек, якія сабраліся учора перад будынкам Сойму, прыходзілі не столькі каб падтрымаць Паксаса, колькі дзеля таго, каб зьвярнуць увагу на свае праблемы і цяжкасьці.
Пра небясьпеку выкарыстаньня праблемаў краіны папулісцкімі палітыкамі сказаў сёньня для Радыё Свабода і літоўскі парлямэнтар Вітаўтас Ландзбергіс (адзін зь лідэраў кансэрватараў, першы кіраўнік Літвы пасьля аднаўленьня незалежнасьці).
(Ландзбергіс: ) “Цяпер Літва глядзіць у будучыню зь немалой заклапочанасьцю. Праблемы ня скончыліся з абвяшчэньнем імпічмэнту. Цягам працэсу імпічмэнту мы пабачылі, якая агромністая аналітычная і практычная праца была зроблена з боку Расеі дзеля таго, каб скампрамэтаваць Літву, як магчыма пашкодзіць яе далучэньню да НАТО і Эўразьвязу. Гэтая праца рыхтавалася і рабілася не адзін год. Але замежную палітыку мы здолеем спарадкаваць. Цяжэй даць рады вынікам разбуральнага ўплыву Расеі на ўнутраную палітыку Літвы, разьдзяленьне літоўскага грамадзтва у выніку умелага выкарыстаньня палітычных тэхналёгіяў, маніпуляваньня цяжкасьцямі людзей – таго, што рабілі расейскія адмыслоўцы, якія займаліся палітычнай кампаніяй Паксаса. Яны імкнуліся зьмяніць курс Літвы, выкарыстоўваючы стому і незадаволенасьць людзей. Расея даўно рабіла розныя спробы авалодаць уплывам на якую-небудзь дзяржаўную структуру Літву – на гэты раз, прэзыдэнтурай. Аднак Літва – парлямэнцкая краіна, і ў Літвы хапіла сілаў адстаяць сваю дэмакратыю. Прэзыдэнт Паксас спрабаваў узмацніць прэзыдэнцкую уладу, займацца тым, чым прэзыдэнт Літвы – паводле Канстытуцыі – не павінен займацца. Гэтая мадэль ажыцьцявілася ў Беларусі. Захаваліся ж старыя савецкія стэрэатыпы – што кіраўнік, прэзыдэнт можа ўсё. Часам можна чуць, што парлямэнт быў ворагам прэзыдэнта. Насамрэч ворагам прэзыдэнта Паксаса быў не парлямэнт, а закон”.
Літоўскіх палітолягаў непакояць вынікі апошняга прэзыдэнцтва Р.Паксаса. Пасьля спрыяльнага для Літвы кіраваньня двух прэзыдэнтаў – Альгірдаса Бразаўскаса і Валдаса Адамкуса, прэзыдэнцтва Раландаса Паксаса прынесла у літоўскую палітыку двухсэнсоўнасьць, якая дазваляе сумнявацца у “здароўі” дэмакратыі ў Літве, як мяркуе Альвідас Лукашайціс, палітоляг з інстытуту міжнародных дачыненьняў і палітычных навук.
На думку яго калегі Вітаўтаса Раджвіласа, “у падручніках пэрыяд кіраваньня Паксаса будзе згадвацца нэгатыўна – ня выканана ніякай хаця б крыху значнай працы, апрача кампрамэтацыі Літвы”, а самыя прычыны імпічмэнту зь цягам часу будуць забытыя і “застанецца толькі памяць пра тое, што Літва здолела пазбавіцца няўдалага прэзыдэнта”.