Спадар Вірсма, які ачольвае дэлегацыі Эўрапарлямэнту ў справе міжпарлямэнцкіх сувязяў з Украінай і Малдовай і ў справе сувязяў зь Беларусьсю, гэтак падсумаваў вынікі вечаровага паседжаньня дэлегацыі ў сераду:
(Вірсма: ) “Мы мелі дыскусію пра сытуацыю ў Беларусі на базе паведамленьняў двух актывістаў у галіне правоў чалавека, якія, вядома, выступаюць з крытыкай наконт становішча з дэмакратыяй у Беларусі, але абяцалі супрацьстаяць гэтаму й падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць і дэмакратычныя альтэрнатывы ў Беларусі. Высновы з нашага боку былі такія: мы зробім усё, што можам, каб падтрымаць грамадзянскую супольнасьць у Беларусі. Гэта было таксама адной з ключавых высноваў нашай назіральнай місіі, калі мы былі там некалькі гадоў таму на выбарах.
Але працаваць у Беларусі вельмі цяжка для Эўрапейскага Зьвязу — мы маем цяпер новую праблему зь Беларусьсю, таму што Эўрапейская камісія вырашыла распачаць расьсьледаваньне наконт свабоды прафсаюзаў у гэтай краіне. Калі вынік расьсьледаваньня будзе нэгатыўны, Эўракамісія можа вырашыць увесьці гандлёвыя санкцыі супраць Беларусі”.
Спадар Вірсма дадаў, што цяпер няма ніякага паляпшэньня стасункаў Эўразьвязу зь Беларусьсю — наадварот, мажлівае значнае іх пагаршэньне:
(Вірсма: ) “Гэта вельмі прыкра, бо мы б хацелі быць актыўнымі там і працаваць зь людзьмі, якія прадстаўляюць будучыню Беларусі. Гэта асабліва важна, таму што ад 1 траўня Беларусь будзе мець агульную мяжу з Эўрапейскім Зьвязам”.
(Карэспандэнт: ) “Чаму ваша дэлегацыя вырашыла правесьці ў Страсбуры адкрыты сход, прысьвечаны беларускай праблеме?”
(Вірсма: ) “Мы ўнесьлі сытуацыю ў Беларусі на парадак дня, таму што спачатку існаваў плян зноў накіраваць у Беларусь пры канцы наступнага тыдня місію тройкі — Эўрапейскага парлямэнту, АБСЭ й Рады Эўропы. Каб падрыхтавацца да гэтай місіі, мы правялі гэтую дыскусію ў нашай дэлегацыі, у нашым парлямэнце, але мы былі вымушаныя скасаваць місію тройкі з прычыны недахопаў у падрыхтоўцы — у нас склалася ўражаньне, што нас там ня вельмі чакаюць”.
Ян Вірсма патлумачыў, што візыт тройкі не перанесены, а скасаваны. Але галоўнай у гэтай тройцы, паводле яго, ёсьць АБСЭ, бо ў гэтую арганізацыю Беларусь уваходзіць, а ў Эўразьвяз і Раду Эўропы — не. Спадар Вірсма сказаў, што паедзе на лютаўскую сэсію Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў Вене, дзе зноў будуць абмяркоўваць беларускае пытаньне.