ХВОРЫЯ НА СНІД ШУКАЮЦЬ ПАРАТУНКУ Ў ЦАРКВЕ

Галіна Абакунчык, Менск

Сьвятлана С. — карэнная жыхарка Менску, мае 23 гады й яшчэ зусім нядаўна была студэнткай адной менскай ВНУ. Атрымаць вышэйшую адукацыю яна не пасьпела: бой-фрэнд, які быў наркаманам, навучыў ужываць шкоднае зельле й яе. Сьвятлана сьцьвярджае, што шукаць паратунку ў Эвангельскай царкве яе прымусілі адчай і безвыходнасьць.

(Сьвятлана: ) “Я лячылася вельмі ў многіх спэцыялістаў: у гіпнатызэраў, у бабак, у дзедак. Я ляжала ў шпіталях, але мне рабілася ўсё горш і горш. Але аднойчы прыйшла ў царкву, бо мне казалі, што тут дапамагаюць наркаманам. Калі я была на рэабілітацыі, то мне паведамілі, што ў мяне ВІЧ-інфэкцыя. Я не баялася гэтай хваробы, бо ўжо падрыхтавалася памерці ад перадазіроўкі альбо гепатыту. Браты, сёстры — усе ўзялі за мяне пост, маліліся, і я заўважыла, што мяне любяць”.

Вернікі-пратэстанты шкадуюць, што ня ўсе эвангельскія цэрквы маюць сталую сыстэму працы зь ВІЧ-інфікаванымі. Але далікатнае стаўленьне да гэтай катэгорыі хворых прапаведуе бальшыня зь іх. Такога падыходу патрабуе вера, а таксама разуменьне таго, што ў адносінах да носьбітаў вірусу ў нашым грамадзтве існуе дыскрымінацыя. Варожасьць да гэтых людзей сьвятар адной з пратэстанцкіх цэркваў айцец Барыс Чарнаглаз пабачыў на ўласныя вочы.

(Чарнаглаз: ) “Малады хлопец, наркаман, ён быў хворы на СНІД, я ў шпіталі апынуўся з гэтым чалавекам. Ад яго ўсе адварочваліся, баяліся й асуджалі. Я проста пачаў яму дапамагаць, а затым і астатнія людзі перасталі баяцца й пачалі дапамагаць. Зразумейце, што й у царкве гэтаксама людзі розныя — імі таксама можа кіраваць страх. Але, калі казаць пра эвангельскія цэрквы ў цэлым, то да хворых на СНІД ставяцца зь вялікай міласэрнасьцю. Галоўнае, каб людзі не прынялі як норму жыцьця гэтых заганаў — полавай распусты, гомасэксуалізму, гэта можа стаць нормай. Тады гэта небясьпечна”.

Іншы ВІЧ-інфікаваны, Міхаіл М., у свае 28 гадоў мае грунтоўнае крымінальнае мінулае: чатыры судзімасьці, некалькі гадоў турмы й лячэньня ад наркатычнай залежнасьці. Да выратаваньня празь веру ішоў сам, таксама не знайшоўшы іншых шляхоў паратунку. Гаворыць Міхаіл М.:

(Міхаіл: ) “Меў наркатычную залежнасьць, у мяне было захворваньне крыві, стадыя СНІДу была, прагрэсаваў гепатыт С і быў я ў жахлівым стане, амаль не хадзіў і ляжаў ва ўсіх шпіталях, якія ёсьць. У прынцыпе, я разумеў, што мяне можа вызваліць толькі Бог. То бок, калі чалавек хоча пазбавіцца ад наркотыкаў і прыйдзе з гэтай праблемай да Бога, то ён пазбавіцца ад усіх заганаў: я цяпер ня п’ю, не палю, не хлушу, хоць усё жыцьцё гэта рабіў і ўсё жыцьцё займаўся крыміналам. Цяпер я працую й стаў зусім іншым чалавекам. Акрамя таго, у царкве няма падзелу сацыяльнага ці паводле захворваньняў, як гэта робіцца ў сацыяльным жыцьці — на чалавека тут кляйма ніхто ня ставіць”.

Паводле прадстаўнікоў праваслаўнай царквы, дапамога ВІЧ-інфікаваным тут вядзецца й ужо некалькі гадоў. Да прыкладу, на Гомельшчыне, дзе іх жыве найбольшая колькасьць. І падставай таму ёсьць дыскрымінацыя хворых. Гаворыць кіраўнік праваслаўнага таварыства “Трох Віленскіх Пакутнікаў” Мікола Матрунчык:

(Матрунчык: ) “Калі мінулым годам адзін чалавек у Менску паміраў ад СНІДу, то цягам апошняга году яго даглядала толькі царква, бо ўся мэдыцына адмовілася. Жаночы кляштар займаўся пахаваньнем, і нават засьведчылі такі цуд: чалавек ужо пачаў распадацца, але ад яго пачаў разыходзіцца прыемны водар. І гэта прыклад таго, якая вялікая сіла пакаяньня ў гэтых людзей”.

Яшчэ адна хворая на вірус СНІДу, 27-гадовая Алена і ейны муж, таксама на ўласнай скуры зьведалі абыякавасьць да сябе нават з боку прафэсійных лекараў. Гэты сумны досьвед і стаўся галоўнай прычынай іхнага звароту да веры. Гаворыць Алена К.:

(Алена: ) “Гэта быў 2000 год, і аналіз паказваў станоўчы вынік на ВІЧ-інфэкцыю. А таму праблемы са здароўем былі вялікія. Мы шмат дзе шукалі дапамогі. Да прыкладу, ёсьць такі цэнтар прафіляктыкі СНІДу. Мы пыталіся — што нам рабіць, якія лекі прымаць? Але нам нічым не дапамаглі. Мякка кажучы, мы сутыкнуліся са сьцяной абыякавасьці. Мы былі людзьмі другога гатунку, на нас глядзелі як на адкіды грамадзтва. Я не хацела паміраць, і я папрасіла: Божа, калі ты ёсьць — дапамажы мне. І ён пачаў дзейнічаць празь людзей і прывёў мяне ў гэтую царкву, царкву “Слова веры”.

Аднак людзі, якія сутыкнуліся з праблемаю дыскрымінацыі й перасьледу, кажуць, што нават некаторыя сьвятары ўжо адмаўляюцца адпяваць памерлых ад СНІДУ. Да прыкладу, адзін зь іх быццам бы заявіў, што “блакітных” не абслугоўвае. Але гэткія прыклады можна вытлумачыць і пэрсанальным стаўленьнем духоўнай асобы й нават месцам іхнага жыхарства, — кажа генэральны вікарый каталіцкай царквы Эдмунд Даўгіловіч.

(Даўгіловіч: ) “Да прыкладу, у горадзе й вёсцы — гэта вялікая розьніца: чалавек захварэў, не захоўваючы Божыя запаветаў, я ня думаю, што сьвятар агітаваў бы альбо сам пайшоў на пахаваньне. У горадзе, ізноў жа, было б няправільна хаваць чалавека паводле хрысьціянскай традыцыі, калі ён заразіў іншых людзей ці дзяцей. Тут ня можна падыходзіць агульна, трэба індывідуальна. Але маліцца за яго мы абавязаныя. Гэта хвароба, якой ня вылечыш крыкам, таму калі такі чалавек просіць аб малітве, альбо прыходзіць да споведзі, сьвятар ніводны не адмовіць, ня можа адмовіць”.

Між тым, група вучоных унівэрсытэту Каліфорніі ў выніку дасьледаваньня прыйшла да высновы, што пачуцьцё надзеі, спакою й задавальненьня зьніжаюць рызыку сьмерці сярод хворых на СНІД. Сьвятлана С. заяўляе, што пераканалася ў гэтым асабіста:

(Сьвятлана: ) “Калі ад мяне шарахаліся, калі я была наркаманам, то ў царкве мяне прынялі, мяне падтрымалі. Тут няма ніякай дыскрымінацыі. І дзякуючы маёй душэўнай радасьці, я не хварэю і не адчуваю сябе хворым чалавекам. Многія людзі ўвогуле не разумеюць, што адбылося. Дыягназ для іх — гэта штамп. Мне не змаглі дапамагчы ні мама, ні сябры, ні лекары, таму я думаю, што я ўжо памерла бы”.

Нэгатыўнае стаўленьне да носьбітаў ВІЧ-інфэкцыі ў Беларусі — ідэалягічная спадчына савецкага часу, калі такіх людзей называлі амаральнамі й вінаватымі за сваю хваробу. Пераважная ж бальшыня сьвятароў самых розных канфэсіяў трымаецца таго меркаваньня, што перадусім гэта паапярэджаньне ўсяму чалавецтву. Кажа рабін габрэйскага рэлігійнага таварыства Сэндэр Урыцкі:

(Урыцкі: ) “Зразумела, што калі зьявілася такая хвароба як СНІД, тут ёсьць намёк на тое, што ад чалавецтва патрабуецца прыпыніцца й задумацца, што адбылося. Таму мы павінныя задумацца, ці правільна мы будуем сваё грамадзтва з гледзішча ўзаемаадносінаў мужчыны й жанчыны. І кошт гэтаму дыялёгу — жыцьцё”.

ВІЧ-інфікаваныя людзі, якія вераць у Бога і атрымліваюць падтрымку вернікаў і духавенства, кажуць, што зварот да Бога дапамагае пазбавіцца хваробы ўвогуле. Алена К. сьцьвярджае, што менавіта гэтак здарылася зь ёй:

(Алена: ) “Мы атрымалі выздараўленьне не ад людзей, а ад слова Божага. Я здавала ананімна аналіз на СНІД, і ён паказаў — адмоўна. Гэта Гасподзь — я схіляю галаву перад Богам”.

Францускі пісьменьнік Гі Акэнгам перад сьмерцю пісаў: “У маю палату зайшоў сьвятар. Я падумаў, што ён прыйшоў, каб супакоіць мяне Аж зусім не. Ён сам быў хворы”. Гэткім чынам, — робіць ён выснову ён, — ад СНІДУ не абаронены ні мужчына, ні жанчына, ні праведнік, ні грэшнік, ні каталік, ні юдэй. А паводле прагнозаў Цэнтру прафіляктыкі СНІДУ, колькасьць хворых на сьмяротную інфэкцыю ў Беларусі да наступнага году ізноў павялічыцца ў некалькі разоў.