26 кастрычніка 1941 году нацысты павесілі ў Менску 12 першых падпольшчыкаў. З гэтай нагоды актывісты Маладога Фронту, Беларускай партыі свабоды, а таксама прадстаўнікі габрэйскай грамадзкасьці (усяго каля 15 чалавек) арганізавалі несанкцыянаванае шэсьце са сьвечкамі, партрэтамі закатаваных і бел-чырвона-белым сьцягам ад гарадзкой турмы да будынку дрожджавага заводу, дзе былі павешаныя падпольшчыкі Кірыла Трус, Валодзя Шчарбацэвіч і Маша Брускіна.
Актывісты моладзевых апазыцыйных арганізацыяў сказалі, што арганізавалі гэтую акцыю, каб ушанаваць памяць падпольшчыкаў, а таксама выказаць пратэст супраць праяваў антысэмітызму і фальсыфікацыі гісторыі. Беларускія ўлады дагэтуль не прызнаюць, што адна з павешаных падпольшчыц ёсьць 17-гадовай менскай габрэйкай Машай Брускінай і называюць яе “невядомай”. Удзельнікі мітынгу каля дрожджавага заводу, арганізаванага Саюзам габрэйскіх арганізацыяў і суполак, лічаць гэты факт працягам ранейшай савецкай палітыкі антысэмітызму. Яны заклікалі беларускія ўлады спыніць зьдзек над гістарычнай памяцьцю і неадкладна вярнуць Машы Брускінай яе імя.