На неафіцыйным сайце прыхільнікаў ансамблю “Песьняры” (pesnyary.com) распачаты збор подпісаў да кіраўніцтва Міністэрства культуры, а таксама былых і цяперашніх удзельнікаў гурту. Музыкі, крытыкі, людзі культуры і проста шараговыя грамадзяне выказваюць нязгоду зь дзяржаўным дыктатам адносна творчага лёсу славутага калектыву і спробамі саміх музыкаў падзяліць вядомы далёка за межамі Беларусі брэнд “Песьняры”. Сярод тых, хто паставіў подпісы пад зваротам, прадстаўнікі ня толькі Беларусі, але Ўкраіны, Расеі, Нямеччыны, ЗША, Канады, Аўстраліі. Гэта і зразумела: колісь творчасьць фолк-калектыву прыцягвала ўвагу па абодва бакі акіяну. Тэму працягвае Ігар Карней.
* * *
(Ігар Карней: ) “Удзельнікі Інтэрнэт-форуму канстатуюць, што не зьяўляюцца афіцыйнымі асобамі, а ёсьць толькі прыхільнікамі творчасьці “Песьняроў”. А таму наўрад ці здольныя паўплываць на паводзіны чыноўнікаў, былых і цяперашніх удзельнікаў калектыву. “Але мы можам выказаць сваё да іх стаўленьне”, — гаворыцца ў заяве.
Сам зварот распачынаецца дастаткова жорстка. Працытую некаторыя месцы: “Пасьля сьмерці Ўладзімера Мулявіна мінула шмат месяцаў. За гэты час дарагі для нас назоў “Песьняры” неаднаразова рабіўся аб’ектам скандалаў і разборак. У выніку імідж ансамблю набыў адыёзны адбітак. Пры гэтым апошнія выступы цяперашняга складу “Песьняроў”, пераважна пад фанаграму, ды яшчэ чужую, расчаравалі прыхільнікаў калектыву”.
Далей падпісанты выказваюцца яшчэ больш рашуча і канстатуюць: тыя, хто цяпер называюць сябе “Песьнярамі”, насамрэч ніякія не “Песьняры”. Яшчэ цытата: “Яны ня маюць нічога агульнага з тымі “Песьнярамі”, якіх мы ведалі і любілі — ні ў творчых, ні ў чалавечых адносінах. Сваімі паводзінамі на сцэне і ў жыцьці яны дыскрэдытавалі вялікае імя “Песьняроў”. І яны нам нецікавыя. Пры гэтым мы ня супраць іхных выступаў — але пад назвамі кшталту “ВІА пад кіраўніцтвам Скаражонка” ці “ВІА Барткевіча”.
Тэма “Песьняроў” апошні час адна з самых гарачых у беларусім сеціве. Яе ўздымаюць cамыя розныя паводле скіраванасьці Інтэрнэт-выданьні: naviny.by, сharter97.org, belapan.com. Нават палітычны сайт АГП ucpb.org дае ацэнку таму, што адбываецца вакол славутага калектыву.
Зрэшты, не застаюцца ўбаку і самі “песьняроўцы”. Так, у “Белорусской газете” (на сайце выданьня belgazeta.com матэрыялы гэтаксама архівуюцца) друкуе ўспаміны Леанід Барткевіч. А ягоны былы паплечнік Валеры Дайнэка, саліст “Беларускіх песьняроў”, раз-пораз дае абвяржэньні на ўспаміны Барткевіча і ўвогуле да гэтай творчасьці ставіцца вельмі скептычна. Паколькі “Беларускія песьняры” цяпер кінутыя Міністэрствам культуры на “ўтрасаньне” канфлікту, пазыцыя ўдзельнікаў гурту зноў прымаецца як аўтарытэтная. Гаворыць Валеры Дайнэка:
(Дайнэка: ) “Барткевіч ужо згубіў здольнасьць нешта ўспамінаць. Нічога ня памятае, а піша нейкія артыкулы, піша пра тое, чаго ў жыцьці не было ўвогуле. Прыдумвае факты, проста робіцца сорамна. Ён ня памятае нікога, хто зь ім працаваў. Затое піша, што ёсьць пагадненьне зь “Беларускімі песьнярамі” на яднаньне. Ня ведаю, можа гэта чыесьці сябры, але пры чым тут “Песьняры”? У ва ўсіх адна мэта цяпер — усё там разьдзярбаніць. Хочуць адтуль зьнесьці хто ўзмацняльнік, хто магнітафон клёвы, дастаць дынамікі з калёнак. Таму пытаньне ня ў тым, ці будуць трэція “Песьняры” — бо будуць яшчэ і чацьвертыя, і пятыя. Але ансамбаль — гэта людзі, да якіх прызвычаіліся і каго ведаюць 20–30 гадоў. Усім патрэбныя гучаньне і знаёмыя твары”.
Нягледзячы на сацыяльную напружанасьць вакол “Песьняроў”, Міністэрства культуры ўсё ж абвесьціла пра плянаваны ў Менску кастынг маладых дараваньняў, якія хацелі бы ўліцца ў калектыў афіцыйных “Песьняроў”. Паралельна міністэрства фармуе і склад Нацыянальнага цэнтру музычнага мастацтва “Песьняры” імя Мулявіна і запрашае да супрацоўніцтва такія гурты як “Палац”, “Троіца”, “Крыві”. Што самі музыкі думаюць наконт такіх пэрспэктываў? Вось меркаваньне кампазытара і экс-вакаліста “Крыві” Зьмітра Вайцюшкевіча:
(Вайцюшкевіч: ) “Тое, што цяпер адбываецца, мне ня вельмі падабаецца. Унутраная воля і незалежнасьць мяне больш задавальняюць, чым такога кшталту цэнтры, хоць я вельмі паважаю творчасьць Мулявіна часоў залатога складу “Песьняроў”. Цяпер беларускія музыкі вымушаныя выступаць на розных дзяржаўных імпрэзах: той жа “Славянскі базар”, Дні пісьменнасьці адбываюцца пад патранажам дзяржавы. Адмовіцца ад удзелу цяжка, але трэба выбіраць, падыходзіць да кожнага пункту асобна. Тым больш, што такое дзяржаўны патранаж, я адчуваю. Гэта не для мяне”.
Падобнага меркаваньня трымаюцца і ўдзельнікі форуму на песьняроўскім сайце pesnyary.com. Яны пішуць: “Даўно стала зразумела: творчы ўзровень калектыву, які застаўся бязь лідэра, далёкі ня толькі ад узроўню сапраўдных “Песьняроў”, але ад выканаўчага майстэрства многіх сучасных гуртоў. Ніхто з удзельнікаў цяперашняга складу ансамблю не валодае здольнасьцямі, неабходнымі для кіраўніцтва калектывам, які носіць легендарны назоў “Песьняры”. А значыцца, самы лепшы варыянт — распусьціць калектыў. Але відавочна, што на такі крок беларускія ўлады ня пойдуць”.
* * *
Хто такія сучасныя крывічы? Што такое Гэга-рух, хто ягоныя ўдзельнікі? Якія сэнс закладзены ў старажытныя арнамэнты і сымболіку нашых продкаў? Што такое рэлігія Друвінгаў, і хто яе спавядае ў сучаснай Беларусі? Якая сувязь між спадчынай народаў, што жылі на тэрыторыі Беларусі сотні й тысячы гадоў, і сучаснымі беларусамі? Cвае адказы на гэтыя ды процьму іншых пытаньняў прапануе сайт gegaruch.org . З мадэратарам сайту Алесем Мікусам гутарыў Севярын Квяткоўскі.
* * *
(Сеярын Квяткоўскі: ) “Сайт Гэга-руху рэпрэзэнтуе сьветапогляд людзей, якія ўважаюць сябе, як і ўсіх сучасных беларусаў, балтамі, чыя мова пад уплывам гістарычных абставінаў славянізавалася. Слова “Гэга” мае балцкае паходжаньне, і існуе ў некаторых заходніх дыялектах беларускае мовы. “гэга” — крэмень, якім продкі беларусаў здабывалі агонь. Цікава, што навіны сайту падаюцца ў рубрыках “Балтыя”, “Беларусь”, “Літва”, “Латвія” і “Пруса”. А вось ужо астатнія часткі сьвету падаюцца ў рубрыцы “Замежжа”. Кажа Алесь Мікус:
(Мікус: ) “Сама скіраванасьць сайту, яна вымагае значнай увагі нашым суседзям Латвіі, Літве, і адпаведнаму сьветагляднаму кірунку. У існым інфармацыйным абсягу вельмі складана знайсьці зьвесткі такога кшталту. Мушу адзначыць, што адносна гэтай жа самай Літвы з Латвіяй агулам абсалютны вакуўм”.
Такім чынам, мэнтальна ўдзельнікі Гэга-руху жывуць у гістарычным балцкім абсягу. Уласна сайт утрымлівае ня толькі навіны, але поўніца шматлікай літаратурай па этнакасмалёгіі, навуковымі гістарычнымі артыкуламі, выявамі старадаўніх арнамэнтаў, сучаснымі мастацкімі творамі, тэматычна блізкімі ўдзельнікам Гэга-руху. Тлумачыць Алесь Мікус:
(Мікус: ) “Гэта хутчэй сайт асьветніцкага кірунку. Гэта ўласна выяўляецца і ў шэрагу артыкулаў, якія зьмешчаныя ў нас на сайце. І шмат якія зь іх эксклюзіўныя”.
Такім чынам, сайт Гэга-руху — свайго кшталту Інтэрнэт-альманах. Сярод асноўных аўтараў этнакультуролягі Сяргей Санька, Уладзімер Лобач ды іншыя. Зрэшты, стваральнікі не хаваюць і прапагандысцкага кірунку сайту, жаданьня далучыць да сваёй ідэі як мага больш людзей. Паспрыяць свайго кшталту мэнтальнай рэвалюцыі:
(Мікус: ) “Самым галоўным сьветаглядным кітом для нас зьяўляецца нашая адвечная традыцыйная спадчына. Яна для нас зьяўляецца самым галоўным узорам ладу жыцьця. Устаноўкі гэтай самай традыцыйнай культуры, і ўстаноўкі сучаснай тэхнакратычнай цывілізацыі, яны вельмі істотна сёньня разышліся”.
(Карэспандэнт: ) “Як вы спалучаеце існаваньне ў тэхнакратычным сьвеце (Інтэрнэт адна з галоўных частак гэтага сьвету) і адначасова спавяданьне старажытных традыцыяў?”
(Мікус: ) “Спалучаем гэткім чынам, што сьветагляд застаецца ранейшы, а сродкі для распаўсюду, для агітацыі на карысьць гэтага сьветагляду выкарыстоўваюцца самыя сучасныя. Іншая рэч, мы цудоўна ўсьведамляем, што гэтыя сродкі з гледзішча нашага традыцыйнага сьветагляду — чужыя”.
Сярод асноўных партнэраў сайту gegaruch.org — Цэнтар Этнакасмалёгіі, якому сёлета споўнілася пятнаццаць гадоў. Алесь Мікус кажа, што ня чуў пра падобныя сайты ў Інтэрнэце. Хаця прыхільнікі дахрысьціянскае культурнае спадчыны па-за Гэга-рухам у Беларусі ёсьць. Алесь Мікус кажа, што ў стварэньні сайту і падрыхтоўцы матэрыялаў бярэ ўдзел немалая колькасьць людзей. Але назваць іх Мікус адмовіўся. Гэга-рух праз сваю Інтэрнэт-старонку запрашае далучыцца ўсіх ахвочых, аднак варта адзначыць, што ўмовы прыняцьця ў асяродак сучасных балтаў-крывічаў досыць жорсткія.