МІНІСТАР АДУКАЦЫІ ПЁТАР БРЫГАДЗІН НАВЕДАЎ НАЦЫЯНАЛЬНЫ ГУМАНІТАРНЫ ЛІЦЭЙ ІМЯ Я.КОЛАСА

Любоў Лунёва, Менск

Міністар адукацыі Пётар Брыгадзін наведаў ліцэй разам з двума чыноўнікамі зь міністэрства. За гадзіну да ягонага прыезду ў ліцэй прыйшла прызначаная міністэрствам дырэктарка Тамара Шчэрбачэвіч. Яна прысутнічала падчас сустрэчы міністра з калектывам ліцэю. Пётар Брыгадзін адразу папярэдзіў, што прызначаную на пасаду сп. Шчэрбачэвіч звальняць ня будзе. Лявон Баршчэўскі выступіў перад прысутнымі і міністрам:

(Баршчэўскі: ) “Прызначэньне спадарыні Шчэрбачэвіч было зроблена няўдала. Гэта бачыць ня толькі грамадзкасьць. Не было б ніякай праблемы для мяне адразу пасьля гэтага прызначэньня напісаць заяву і сыйсьці. Але бацькі і выкладнікі казалі мне, што трэба паспрабаваць, бо ў міністэрстве працуюць кваліфікаваныя людзі, ды й ёсьць і здаровы сэнс. Мы ўключыліся ў работу, практычна ня маючы часу, бо вельмі напружаны сэзон. Мы ўпершыню пры новай сыстэме сталі прымаць экзамены. Мы аказаліся ў страшэннай запарцы. Падарвала гэтую сытуацыю сьмерць чалавека, які быў заснавальнікам ліцэю, нашага выдатнейшага выкладчыка, Уладзімера Емельянчыка. Пазаўчора дадалася яшчэ й праверка. Мы праверак не баімся. Мы праверкі прымем з задавальненьнем і адкажам на ўсе пытаньні крыху ў менш стрэсавай сытуацыі".

Лявон Баршчэўскі сказаў, што прыйшоў у ліцэй у каманду Коласа, зь ім і сыйдзе. Гэта выклікала гучныя воплескі. Пэдагогі і выкладчыкі прасілі міністра не разбураць унікальную ўстанову, дзе пануе надзвычайная сяброўская і творчая атмасфэра. Бацькі патрабавалі ад міністра не перашкаджаць нармальнай працы ў ліцэі на карысьць іх дзяцей. Яны спыталі спадара Брыгадзіна, чаму дзяржава так паставілася да іх. Міністар адказаў агульнымі фразамі.

(Брыгадзін: ) "Тое, што міністэрства зрабіла прызначэньне дырэктара, гэта было зроблена асэнсавана. Ратацыя кадраў ідзе і будзе ісьці. Няма вечных пасадаў. Чаму раптам праверкі пайшлі. Праверкі гэта працяг таго, што было раней. Сёньня мы з кіраўніцтвам ліцэю будзем прымаць рашэньне, як далей будзе працаваць ліцэй. Магчымая зьмена статусу ліцэя. Мыгчымы перавод на новую пляцоўку працаваць, каб зрабіць рамонтныя работы. Безумоўна, потым гэтая пляцоўка застаецца за ліцэем".

Ад імя навучэнцаў выступіла Іна Каляда:

(Іна: ) "Я вучуся тут толькі год, але я разумею, што гэты ліцэй нам патрэбны. (плача). Я не хачу, каб ліцэй адбіралі ў ліцэістаў. Я не хачу, каб ліцэй адбіралі ў абітурыентаў. Мы сыйдзем, калі дырэктарам будзе ня Колас".

Прысутныя запатрабавалі, каб спадарыня Шчэрбачэвіч выступіла перад імі. Тая пагадзілася:

(Шчэрбачэвіч: ) "Нельга так. Я выйшла з паперкай, каб не адказваць і чытаць. Я проста попрасту пісала тыя пытаньні, якія ў мяне былі. Але скажу толькі адно. Скажыце, калі ласка, настаўнікі беларускай мовы, я ў сярэду наведвала нацыянальны наш музей імя Я.Коласа, чаму нашы ліцэісты, чаму за 10 гадоў ніводны ліцэіст не наведаў музей Я.Коласа?"

(Ліцэісты: ) "Я там быў". (сьмех у залі, воплескі)

(Шчэрбачэвіч: ) "І па-другое, шаноўнае спадарства, я, я, я не прыйшла ва ўласны будынак. Я прыйшла ў дзяржаўную ўстанову працаваць на карысьць нашых вучняў! Сумленна працаваць на карысьць нашай Радзіме!"

Пасьля сустрэчы з калектывам ліцэю сп. Брыгадзін асобна сустрэўся з выкладчыкамі.