“СЛАВЯНСКІ БАЗАР” МОЖА СТАЦЦА ТОЛЬКІ БЕЛАРУСКІМ

Браніслава Станкевіч, Віцебск

Каб надалей ня трапіць у падобнае становішча, дырэктар віцебскага фэстывалю Радыён Бас прапануе адмовіцца ад саюзнага фінансаваньня ды зрабіць фэстываль уласна беларускім, як ужо было некалькі гадоў таму.

Хаця музычны фэстываль “Славянскі базар у Віцебску” і дагэтуль пэрыядычна меў праблемы зь фінансаваньнем, у становішчы банкрута сёлета ён апынуўся ўпершыню. Спадар Бас тлумачыць гэта абыякавасьцю расейскіх прадстаўнікоў Арганізацыйнага камітэту да праблемаў культурніцкага жыцьця на Беларусі, а магчыма, нават іхнымі спробамі дыскрэдытаваць фэстываль. Сёлета ўпершыню “Славянскі базар” праводзіўся напалову “ў крэдыт”, бо 50 % грошай зь бюджэту СНД супольны Арганізацыйны камітэт абяцаў выплаціць пасьля завяршэньня фэстывалю, калі дырэкцыя дакумэнтальна пацьвердзіць свае выдаткі. Паводле сп. Баса, неабходныя паперы падрыхтаваныя яшчэ 4 месяцы таму, а грошай няма дагэтуль.

Рыдыён Бас не выключае, што затрымка фінансаваньня можа мець і пэўную палітычную матывацыю, і таму прапануе праводзіць фэстываль уласнымі сіламі ды сродкамі, каб не залежаць ад Расеі ні ў фінансавым, ні ў ідэалягічным пляне.